Старшыня Камітэту па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка лічыць, што ў мінулым годзе не назіралася сур’ёзных канфліктаў і супярэчнасьцяў на этнаканфэсійнай глебе. У гэтым пляне сытуацыя захоўвалася «стабільнай, прагназаванай і кіраванай», упэўнены старшыня камітэту.

Гуляка высока ацаніў ролю праваслаўнай царквы ў жыцьці беларускага грамадзтва. Пры гэтым ён спаслаўся на сацыялягічнае апытаньне, праведзенае БДУ. Паводле вынікаў згаданага апытаньня, 95 % рэспандэнтаў, незалежна ад уласнай канфэсійнай прыналежнасьці, прыхільна ставяцца да праваслаўнай царквы. Сп. Гуляка мяркуе, што гэта «пацьвярджае выключна высокі аўтарытэт праваслаўя ў сучасным беларускім грамадзтве, рост даверу да яго». Паводле чыноўніка, дасьледваньне высьветліла і такую акалічнасьць: за апошнія дзевяць год колькасьць вернікаў узрасла на 11 %, на сёньня вернікамі сябе лічаць амаль 60 % беларусаў.

Заявы старшыні рэлігійнага камітэту гучаць дастаткова нечакана на тле нядаўніх выказваньняў галоўнага ідэоляга краіны Анатоля Рубінава наконт ролі царквы ў жыцьці грамадзтва.

Варта адзначыць, што ў мінулым годзе шырокі міжнародны рэзананс выклікала акцыя пратэсту вернікаў пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё», якія наладзілі працяглую пост‑галадоўку, абараняючы права на будынак царквы. Усьлед за імі такую ж акцыю зладзілі вернікі аднаго з гарадзенскіх каталіцкіх прыходаў. Галадоўка, якую распачаў а. Шэмет, прывяла да перамогі галадоўнікаў, якія атрымалі ад гарадзенскіх уладаў права на будаўніцтва касьцёлу. Таксама цягам году не спыняўся ціск на сябраў апальнага Саюзу палякаў у Беларусі. У лістападзе мінулага году супраць кіраўнічкі непрызнанага ўладамі Саюзу была ўжытая грубая правакацыя. Затрыманьні і арышты сябраў арганізацыі не спыняюцца дагэтуль.

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?