Дзяржпрэса зноў рэкламуе рэнтныя адносіны.

На старонках «Советской Белоруссіі» з’явіўся артыкул «Паслуга за паслугу».

«Забяспечаная спакойная старасць — у абмен на кватэру»,

— так назвала новую дзяржаўную схему працы з адзінокімі пенсіянерамі журналістка. І, па яе словах, ужо знайшліся дзесяць ахвочых у Мінску адпісаць свае кватэры дзяржаве.

Што ж прапануецца за сталічныя квадратныя метры? Пераезд у дом для састарэлых альбо догляд у сваёй кватэры (правы на якую адразу страчваюцца). Састарэлым працягваецца выплачвацца пенсія, а таксама дадатковая надбаўка — рэнтная выплата — «каля трох базавых велічынь» (105 тыс. руб.).

«Ці прывабныя такія ўмовы для саміх пенсіянераў? Па-мойму, так. Бо старасць з камфортам ім забяспечана. І не важна, правядуць яны яе ў інтэрнатах альбо ў родных сцянах, якія юрыдычна сталі маёмасцю дзяржавы», — пяе салаўём журналістка.

У Мінску сёння ва ўласных кватэрах пражывае каля сямі тысяч адзінокіх пенсіянераў, за кім патрабуецца догляд. І дзяржава вырашыла такі вялікі жылы фонд не выпусціць з рук. Раней рэнтныя адносіны можна было аформіць з суседам, сябрам. Цяпер манаполію на гэта права забірае дзяржава. А дзяржСМІ з уласцівай ім бадзёрасцю рэкламуюць такое ноу-хау.

Між тым дзяржава і без захопу кватэры абавязана клапаціцца пра людзей, якім няма каму дапамагчы.

Мы плацім падаткі не толькі на ўтрыманне чыноўнікаў і інвестыцыі ў эканоміку. З падаткаў дзяржава абавязана забяспечыць мінімум для тых, хто сам для сябе зарабляць не можа: дзяцей, старых, непрацаздольных. Чаму раней на ўтрыманне ў інтэрнаце хапала пенсіі, а цяпер трэба аддаваць кватэру цаной у тысячы даляраў?

Пытанне рэнтных адносін пачало мусоліцца ў снежні мінулага года. Тады Аляксандр Лукашэнка наведаў дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы «Світанак». Падчас сустрэчы з пенсіянерамі ён адобрыў стварэнне новай сацыяльнай схемы.

Рэпартаж СТВ пра рэнтныя адносіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?