Як паведамілі магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель і актывістка грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Крысціна Шацікава, да іх звярнуліся сваякі зняволеных па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня з інфармацыяй аб уціску, які аказваецца на іх сваякоў у гэтай калоніі. Мэтай паездкі было высвятленне справядлівасці гэтых сцвярджэнняў, а таксама пытання, чаму ад зняволеных Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Новіка, Аляксандра Класкоўскага і Уладзіміра Лобана не даходзіць інфармацыя.

Дэлегацыя складалася з чатырох чалавек — Барыса Бухеля, Антона Іванова, Крысціны Шацікавай і Марыі Вайновай, аднак начальнік калоніі Сяргей Ермаліцкі пагадзіўся пагутарыць толькі з Бухелем.

«Паводле слоў начальніка, ні ў каго з палітзняволеных няма спагнанняў; уціск з мэтай напісання просьбаў аб памілаванні ні на каго не аказваецца, стаўленне да палітзняволеных такое ж, як да ўсіх», — сказаў Бухель. Ён таксама зазначыў, што, паводле сцвярджэння Ермаліцкага, сустрэч са сваякамі не адбываецца таму, што зняволеныя не звяртаюцца з адпаведнымі просьбамі.

Крысціна Шацікава заявіла, што маці Дзмітрыя Новіка хацела наведаць сына на яго 30-годдзе, 16 верасня. Аднак

ёй было адмоўлена па прычыне накладання спагнання на Дзмітрыя за парушэнне распарадку.

«Ермаліцкі заявіў, што харчаванне ў зняволеных добрае: «самі правяраем», — паведаміў Бухель.

Што да нізкай зарплаты Статкевіча (каля 18 тыс. рублёў у месяц), то, паводле слоў начальніка калоніі, гэта застаецца пасля рознага кшталту вылічэнняў — у прыватнасці, за ахову і харчаванне.
Разам з тым начальнік калоніі пацвердзіў, што Статкевіч зараз не працуе з-за траўмы.

Паводле слоў праваабаронцы,

Ермаліцкі заявіў, што сустракаецца з прадстаўнікамі камітэта «ў першы і апошні раз» і з прэсай ён таксама не мае намеру сустракацца.

Па выніках візіту ў калонію Крысціна Шацікава напісала дзве скаргі. Адна тычыцца адмовы Ермаліцкага прыняць яе, у другой гаворка ідзе пра старшага інспектара групы рэжыму сакрэтнай дзейнасці Юлію Дзядкову, якая адмовілася паведаміць інфармацыю аб часе прыёму грамадзян начальнікам калоніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?