У мінскім парку імя Горкага прыйшло развітанне з хакеістам Русланам Салеем. Перад уваходам у крыты лядовы каток выстраілася доўгая чарга. Па ацэнках карэспандэнтаў «НН», у развітанні прынялі ўдзел больш за 10 тысяч чалавек.

Жадаючыя развітацца з былым капітанам нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі, які загінуў у авіякатастрофе, стаялі з кветкамі, жалобнымі вянкамі, некаторыя прыйшлі ў форме хакейных клубаў. Каля ўваходу на крыты каток знаходзілася ганаровая варта ў ваеннай форме.

Развітацца з хакеістам прыйшлі ў поўным складзе сталічныя хакейныя каманды «Дынама-Мінск», «Юнацтва-Мінск», міністр спорту і турызму Алег Качан, старшыня Мінгарвынкама Мікалай Ладуцька і іншыя чыноўнікі.

З розных гарадоў свету прыехалі развітацца з партнёрам па нацыянальнай зборнай Аляксей Калюжны з омскага «Авангарда», Віктар Касцючонак з екацярынбургскага «Аўтамабіліста», а таксама Андрэй Касціцын з «Манрэаля» і Міхаіл Грабоўскі з «Таронта».

Пасля заканчэння развітання шматтысячная працэсія рушыла па вуліцы Першамайскай.

Пахаванне адбудзецца ў другой палове дня на Усходніх (Маскоўскіх) могілках Мінска.

Самалёт Як-42, на борце якога знаходзіўся асноўны склад «Лакаматыва», упаў 7 верасня ў Яраслаўскай вобласці. Хакеісты «Лакаматыва» ляцелі ў Мінск на гульню першага тура рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Загінулі 43 чалавекі, два выжылі і знаходзяцца ў цяжкім стане. Сярод пасажыраў былі беларускія гульцы «Лакаматыва» Руслан Салей і Сяргей Астапчук, а таксама трэнер Мікалай Крываносаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?