Гран-пры фестываля міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлепраграм Magnificat, які прайшоў у Мінску і Глыбокім, атрымаў амерыканска-польскі дакументальны фільм «Лабірынт».

Стужка распавядае пра лёс паляка каталіка Мар’яна Каладзея, які адным з першых трапіў у канцлагер «Аўшвіц», дзе прабыў пяць гадоў. Аднак ён пра гэта не расказваў, пакуль у яго не здарыўся апаплексічны ўдар. Сваё лячэнне Мар’ян пачаў з малюнкаў, каб выказаць праз іх увесь перажыты жах.

Акрамя таго, рознымі прызамі былі адзначаны фільмы і перадачы беларускай вытворчасці. Прыз і дыплом за вывучэнне і раскрыццё хрысціянска-каталіцкай тэматыкі ў фільме «Знакі святасці» і тэлеперадачы «Подзвіг святога Максіміліяна Кольбэ» атрымала адзін з аўтараў тэлепраграмы «Існасць» (Першы нацыянальны тэлеканал) Іна Сабалеўская. З фармулёўкай

«За захаванне памяці унікальнай асобы — Эдварда Вайніловіча — заснавальніка многіх святынь ў Беларусі» адзначаны дакументальны фільм «Малітва за Беларусь» студыі «Чырвоны касцёл».

Спецпрыз кангрэгацыі айцоў-францысканаў «За высокае прафесійнае і кінематаграфічнае даследаванне складанага шляху чалавека да Бога і веры» атрымала дакументальная стужка «Вялікдзень на Лысай гары» студыі імя святога Іаана Воіна (Свята-Елісавецінскі манастыр).

Акрамя таго, Глыбоцкі райвыканкам адзначыў беларускіх удзельнікаў двума сваімі прызамі.

Прыз імя Ігната Буйніцкага «За адлюстраванне народных традыцый у спалучэнні з хрысціянствам» прысуджаны фільму «Тры каралі. Вадохрышча» Беларускага відэацэнтру.
Галоўны ж прыз мясцовых уладаў «За паслядоўны і арыгінальны паказ пошукаў шляхоў да Бога» дастаўся стужцы «Інакіня» (студыя імя святога Іаана Воіна).

У гэтым годзе Magnificat прайшоў ужо ў сёмы раз. Ён пачаўся 6 верасня ў Мінску, а затым пераехаў у Глыбокае і Удзела. У фестывалі ўдзельнічалі не толькі каталіцкія, але праваслаўныя і пратэстанцкія аўтары. Іх фільмы прысвечаны як чыста рэлігійнай, так і свецкай тэматыцы. У гэтым годзе

праграму кінафоруму склалі працы з Арменіі, Беларусі, ЗША, Літвы, Ізраіля, Іспаніі, Італіі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны, Францыі і Чэхіі.

Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлепраграм Magnificat патрануе Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі. Ён быў заснаваны каталіцкай асацыяцыяй «Signis-Беларусь», студыяй «Стоп-кадр», а таксама Віцебскай каталіцкай япархіяй і часопісам «Дыялог». Фестываль накіраваны на евангелізацыю грамадства, падтрымку агульначалавечых каштоўнасцяў праз працы беларускіх і замежных майстроў кіно і тэлебачання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?