Міністр эканомікі Германіі Філіп Рэслер больш не выключае банкруцтва Грэцыі ў мэтах выратавання адзінай еўрапейскай валюты,
піша Die Welt.

«Каб стабілізаваць еўра, больш нельга нават кароткатэрмінова забараняць сабе якія-небудзь ідэі», — цытуе міністра Deutsche Welle. Да такіх захадаў ён адносіць і «арганізаванае банкруцтва Грэцыі, калі для гэтага будуць неабходныя інструменты».

На думку Рэслера, некаторыя краіны, у прыватнасці Грэцыя, да гэтага часу робяць недастаткова намаганняў па кансалідацыі бюджэту. Гэта падточвае давер насельніцтва і рынкаў да адзінай валюты. «Грэцкі ўрад павінен ведаць, што запланаваную дапамогу мы ставім у залежнасць ад таго, наколькі актыўна Грэцыя будзе сама ажыццяўляць рэформы», — падкрэсліў Філіп Рэслер.

За дзень да гэтага грэцкі ўрад паабяцаў зрабіць захады для дадатковага скарачэння бюджэту.

Паводле інфармацыі часопіса Der Spiegel, нямецкае міністэрства фінансаў пралічвае два сцэнары на выпадак магчымай неплацежаздольнасці Афінаў. Паводле першага краіна застаецца ў валютным саюзе, другі ж варыянт прадугледжвае адмову ад еўра і вяртанне да нацыянальнай валюты — драхмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?