Вялікае відэаінтэрв’ю лідара групы «Ляпіс Трубяцкой»:

У відэаінтэрв’ю пасля канцэрта ў Санкт-Пецярбургу (Расія) лідар забароненага ў Беларусі гурту «Ляпіс Трубяцкой» Сяргей Міхалок дазволіў сабе ахарактарызаваць Лукашэнку так, як даўно ўжо ніхто не асмельваўся.

Міхалок заявіў: «Ніякі ён не прэзідэнт — чалавек, які ненавідзіць свой народ». Гэтыя словы сталі нібы рэхам выказванняў самога Лукашэнкі пра тое, што «апазіцыя ненавідзіць свой народ».

Лукашэнку Міхалок назваў «мярзотным дзеячом, які давёў краіну да краю». (Згадаем «казлоў» і «шалудзівых».) «Любы чалавек кіраваў бы краінай лепш за Лукашэнку», — упэўнены Міхалок.

Самае страшнае, мяркуе Міхалок, што Лукашэнка раскалоў нацыю і распальвае пачуццё варожасці да ўсіх нязгодных. «Я хачу, каб мае ўнукі свабодна хадзілі па родным горадзе і гаварылі на роднай мове, чыталі Янку Купалу і Якуба Коласа», — казаў Міхалок.

«Я просты чалавек, не палітык, але цяпер я ведаю, што трэба біцца, у мяне няма іншага выйсця, я адчуваю радасць жыцця ад гэтага», — патлумачыў сваю пазіцыю лідар «Ляпісаў».

10 верасня гурт «Ляпіс Трубяцкой» пры поўным аншлагу выступіў у піцерскім клубе «Космонавт» з праграмай «Грай». На канцэрт прыехала шмат беларусаў — з Беларусі, дзе гурт знаходзіцца ў «чорным спісе», сюды ладзіліся арганізаваныя выезды.

На канцэрце адбылася прэм’ера песні на верш Янкі Купалы «Хто ты такі?» Напрыканцы Міхалок шмат разоў выгукнуў «Жыве Беларусь!»

«Ляпісы» ў Піцеры. Фота Яўгеніі Астраумавай, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?