Сярэднестатыстычны беларускі пенсіянер атрымае ў верасні ад дзяржавы 774 700 рублёў. Гэта $100 па жнівеньскім рынкавым курсе. Добра, каб хапіла на прадукты і лекі, не кажучы ўжо пра падарункі ўнукам…

 photo.bymedia.net

photo.bymedia.net

Тыя беларусы, хто ўжо знахо­дзяцца на адпачынку, наўрад ці змогуць павялічыць свае пенсіі, але ў астатніх яшчэ ёсць шанс забяспечыць сабе багатую старасць.

«Наша Ніва» аглядае плюсы і мінусы самых папулярных спосабаў павелічэння пенсій.

1. Беларускія страхавыя фонды

Добраахвотным пенсійным страхаваннем у нашай краіне пакуль што займаюцца толькі чатыры кампаніі. Гэта «Стравіта», «Беларускі народны пенсійны фонд», «Пенсійныя гарантыі» і «Сёмая лінія», прычым доля трох апошніх на рынку невялікая. Яны працуюць гэтаксама, як і фонды па ўсім свеце. Збіраючы з чалавека грошы на працягу доўгага часу, яны абавязуюцца выплачваць яму пенсію ў старасці, а ў выпадку смерці застрахаванага чалавека выдаць грошы яго сям’і.

Правядзём падлікі на прыкладзе праграмы «Універсальная пенсія+» ад кампаніі «Стравіта», якая ўваходзіць у склад «Бел¬дзяржстраха». Напрыклад, 30¬гадовы мужчына заключае дамову і ўносіць да наступлення пенсіі па $20 штомесяц. Агулам яго выплаты складуць $7200. Першыя дзесяць гадоў пенсіі ён атрымлівае ад фонду па $150 у месяц, а пасля да смерці — яшчэ па $108.

Ёсць і рублёвыя прапановы, якія нават улічваюць афіцыйную інфляцыю. Напрыклад, плацячы па 50 тысяч рублёў кожны месяц на працягу тых самых 30 гадоў, можна атрымаць дадатковую пенсію ў 800 тысяч рублёў, памножаную на афіцыйную лічбу інфляцыі.

Разам з пенсійным страхаваннем звычайна за дадатковую аплату афармляецца страхаванне жыцця. У выпадку заўчаснай смерці кліента (нават праз месяц пасля заключэння дамовы) ягоныя сваякі атрымаюць усю суму выплаты.

Апроч таго, згодна з беларускім заканадаўствам, людзі, якія добраахвотна застрахаваліся на тэрмін ад пяці гадоў, атрымліваюць падатковы вылік. Іншымі словамі, не плацяць падаходныя падаткі.

Самае балючае пытанне — магчымыя рызыкі беларускага страхавання. Калі ў айчыннай эканоміцы столькі ўсяго адбываецца за паўгода, чаго чакаць за 20—30 гадоў? Ашчаджэнні ахоўваюцца ўказам прэзідэнта настолькі ж, наколькі і дэпазіты. Гэта значыцца, што фармальна гарантуецца 100%-ае вяртанне грошай, але ўсе разумеюць, што такіх сродкаў у дзяржавы проста няма. Апроч таго, гарантуецца вяртанне толькі ўкладзеных грошай, без уліку працэнтаў.

2. Замежныя страхавыя фонды

Падобныя прапановы маюць і сусветна вядомыя заходнія кампаніі. Узровень даверу да іх больш высокі, хоць працэдурных праблем і пытанняў узнікае як мінімум столькі ж. Варта ведаць, што на тэрыторыі Беларусі афіцыйна забароненая дзейнасць страхавых кампаній са 100% замежным капіталам. Таму ў нашай краіне можна працаваць толькі з іх прадстаўнікамі, а страхавую дамову заключаць праз Расію ці Украіну.

Пры ўзнікненні страхавога выпадку (інваліднасці ці няшчаснага выпадку) медыцынскія дакументы патрабуюць натарыяльна заверанага перакладу, а юрыдычныя спрэчкі будуць вырашацца на тэрыторыі краіны, дзе зарэгістравана кампанія. Нарэшце, са страхавых выплат, атрыманых з­за мяжы, трэба плаціць падаткі.

3. Доўгатэрміновы дэпазіт, а пасля жыццё з працэнтаў

Высокія стаўкі ў беларускіх банках робяць уклады ў валюце спакусліва прывабнымі. Калі ў Еўропе аперуюць лічбамі 1¬3% гадавых, то ў нас — нашмат большымі. $5000, пакладзеныя пад 10% гадавых на пяць гадоў, дадуць прыбытак $3000. Калі паклапаціцца пра дэпазіт зага¬дзя, то да надыходу пенсіі можна жыць з працэнтаў, пакінуўшы асноўную суму ў спадчыну дзецям і ўнукам. Прычым, у адрозненне ад пенсійнага страхавання, неабавязкова чакаць, пакуль узрост дасягне 55 ці 60 гадоў і пойдуць выплаты. Урэшце, сярэдняя працягласць жыцця мужчыны складае ўсяго 65 гадоў — траціна не дажывае да пенсійнага ўзросту.

Пытанне пра надзейнасць укладаў нічым не адрозніваецца ад сітуацыі са страхавымі фондамі.

4. Замежная пенсія

Найяскравейшы прыклад ўдалага вырашэння пенсійнага пытання — палітык граф Прушынскі, які хацеў балатавацца на пасаду прэзідэнта Беларусі ў 1994 годзе. Каранямі ён з Беларусі, але ўсё жыццё пражыў у Канадзе, таму атрымлівае пенсію гэтай краіны. Яна ў шмат разоў перавышае сярэдні заробак у Беларусі.

Калі вы легальна жылі і працавалі некаторы час за мяжой, даведайцеся, ці маеце вы права на пенсійныя выплаты. Па беларускіх мерках яны могуць быць істотнымі. Напрыклад, у суседняй Польшчы сярэдняя пенсія складае каля $500, а мінімальная — $250.

5. Стаць чыноўнікам, вайскоўцам, КДБшнікам і г.д.

Напрыклад, зараз дэпутацкая пенсія складае каля 4 мільёнаў рублёў. Згадзіцеся, на такія грошы пражыць можна. Вось толькі ці заўжды будуць яе плаціць?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?