Пакуль чарговая групка адчайных галадуе, пакуль Беларусь спрабуюць пазбавіць гандлёвых прэфэрэнцый, пакуль дэпутаты прымаюць бюджэт, ня верачы ў падаражаньне газу; калі валіцца саюзная дзяржава і ідзе перадвыбарчая кампанія — большасьць электарату жыве тэлесэрыялам «Не радзіся красівай». Даяркі й праграмісткі, прыбіральшчыцы і бухгальтаркі, спэцыялісты й жонкі кіраўнікоў цікуюць, бы віжы, за тэлесэрыялам усходніх суседзяў.

Народу ўсё адно, што Казулін галадуе больш за 50 дзён, але люд бойка абмяркоўвае калізіі расейскага кіно. Электарат хвалюе фінансавы стан кіношнай фірмы «Зімалета» ды канфлікт Каці й Вікі, а не цікавае становішча нашай краіны, ня кажучы ўжо пра нейкі парлямэнт.

Людзі купляюць некалькі дыскаў DVD, каб не чакаць 300 сэрыяў, а праглядзець усе адразу. Ведаючы пра вынікі працяглай эпапэі, усё адно сядаюць перад тэлевізарам за чарговай сэрыяй. Сноўдаюцца па Сеціве ў пошуках кампрамэтуючых здымкаў той самай Вікі (Юля Такшына), якая, як выявілася, працавала стрыптызэркай. Мне надакучыла адмаўляць шматлікім просьбам знайсьці ў Інтэрнэце фота парназоркі Betty Dark, вельмі падобнай да Такшыной, а, магчыма, — гэта той самы чалавек. Сьмяюцца: «Не радзіся разумнай» — у галоўнай ролі Ксенія Сабчак.

Зрэшты, такога маркетынгу трэба навучыцца ўсім нашым палітолягам і аналітыкам, што зьбіраюцца заставацца ў палітыцы.

Расейцы, скарыстаўшы амэрыканскую схему, стварылі новую забаўку для электарату. Магчыма, некалі будзе створаны сэрыял пра жыцьцё шараговых беларускіх грамадзянаў за Лукашэнкам. Але напачатку нам усім трэба дапісаць сцэнар…

Мой знаёмец прызнаўся:

— Глядзець на беларускім тэлебачаньні можна толькі «Калыханку». Нават прагноз надвор’я махлюе…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?