Кніга складаецца з найбольш адметных твораў даваеннай прозы, якія ўпершыню ў Беларусі публікуюцца асобным выданнем. Гэтыя тэксты сведчаць пра своеасаблівы стыль пісьменніка, што выразна вылучаўся з канонаў тагачаснага савецкага пісьменства.

Акампануюць ім успаміны Юркі Віцьбіча пра літаратурнае згуртаванне «Узвышша», сябрам якога ён быў, ды лісты, прысвечаныя міжваеннай беларускай літаратуры.

Назву кнізе дало адно з апавяданняў Юркі Віцьбіча. «Лшоно Габоо Бійрушалайм» — гэта вядомае габрэйскае выслоўе, якое ў перакладзе з старажытнагабрэйскай мовы азначае «У наступным годзе ў Ерусаліме».

У якасці ўкладальніка кнігі выступіў Лявон Юрэвіч. Ён жа напісаў і прадмову да кнігі. Рэдактары — Ціхан Чарнякевіч і Наталля Гардзіенка.

Змешчаныя ў зборніку творы былі ўпершыню апублікаваныя на пачатку 1930-х гг. Пра іх распавядае Наталля Гардзіенка:

«Арцыбіскуп і смерд»- гэта прыклад своеасаблівай гістарычнай прозы. «Смерць Ірмы Лаймінг» і «Лшоно Габоо Бійрушалайм» распавядаюць пра першыя гады савецкай улады ў Беларусі, паказваюць іх адрозна ад таго, як гэтага патрабавала савецкая прапаганда. У творы, што даў назву зборніку,

адлюстраваны непаўторны каларыт габрэйскага мястэчка, ягоны свет, разбураны рэвалюцыйнымі падзеямі.
Менавіта таму Юрка Віцьбіч быў абвінавачаны крытыкамі ў нацдэмаўшчыне і сіянізме і не быў прыняты нават у кандыдаты ў Саюз савецкіх пісьменнікаў БССР. Зразумела, што пазней у Савецкай Беларусі гэтыя творы больш не перавыдаваліся, а асоба самога Юркі Віцьбіча, што ў паваенны час жыў у ЗША, малявалася выключна чорнымі фарбамі. Таму шырокаму колу чытачоў змешчаныя ў зборніку творы былі невядомыя».

Па словах рэдактара кнігі Ціхана Чарнякевіча, «у артыкулах, нарысах, шматлікіх лістах Віцьбіч аднаўляе ўсе перыпетыі літаратурнага побыту і гістарычных варункаў, у якія яму давялося жыць да вайны. Кніга „Лшоно Габоо Бійрушалайм“, такім чынам, ― вельмі каштоўны матэрыял не толькі для філолага, але і для гісторыка, краязнаўца, які цікавіцца Віцебшчынай».

Выданне з’яўляецца новай спробай вяртання творчай спадчыны Юркі Віцьбіча ў Беларусь і разлічана як на літаратуразнаўцаў і гісторыкаў, так і на ўсіх аматараў беларускай літаратуры.

***

Лшоно Габоо Бійрушалайм: даваенная проза / Юрка Віцьбіч. Мінск Кнігазбор:, 2011. — 232 с.- (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн. 19).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?