У Магілёве 15 верасня на вуліцы Гагарына загарэўся аднапавярховы закінуты будынак, які знаходзіцца на балансе ТАА «Еўрагандаль».
Як паведамілі на месцы здарэння супрацоўнікі МНС, інфармацыя аб узгаранні паступіла ў 15.20 аператыўнаму дзяжурнаму ад супрацоўнікаў ДАІ.
Дым ад пажару ахінуў некалькі густанаселеных вуліц у задняпроўскай частцы горада — вуліцу Гагарына, праспект Шміта, бульвар Нескароных.
У тушэнні пажару было задзейнічана пяць аддзяленняў пажарных. Пацярпелых няма.
Пажарныя мяркуюць, што прычынай магло стаць неасцярожнае абыходжанне з агнём, аднак дакладная прычына ўзгарання будзе названа пасля экспертызы.
Што да ўладальнікаў будынка ТАА «Еўрагандаль», то кампаніі пагражаюць буйныя штрафныя санкцыі за незабеспячэнне аховы аб’екта.