Уладзіслаў Кавалёў заявіў сёння ў судзе, што глядзеў рэпартаж аб выбуху вечарам 11 красавіка, а Дзмітрый Канавалаў у гэты час спаў.

Кавалёў няўпэўнена гаворыць аб тым, што Канавалаў 11 красавіка купляў спіртное: «Па-мойму, ён гарэлку яшчэ прыносіў… Жартаваў, смяяўся». Увесь гэты дзень у кватэры была дзяўчына, з якой Канавалаў пазнаёміўся праз сацыяльную сетку.

У гэты дзень яны дапазна выпівалі, сказаў Кавалёў. Прыкладна на гадзіну Канавалаў адлучыўся з кватэры. Кавалёў спачатку сказаў, што не ведаў, куды дакладна ідзе яго знаёмы, а потым дадаў:

«Я не хацеў, каб ён п’яны ехаў у метро».
На пытанне, адкуль жа ён даведаўся, што Канавалаў пойдзе ў метро, Кавалёў не змог адказаць дакладна, некалькі разоў блытаўся, а потым заявіў, што аб гэтым яму сказаў сам Дзмітрый.

Праз некаторы час пасля таго, як Канавалаў вярнуўся, Уладзіслаў глядзеў тэлевізар разам з дзяўчынай: «Бачылі рэпартаж аб выбуху. Там паказвалі кадры з метрапалітэна. Мы з Янай сядзелі на канапе, а Дзіма, па-мойму, спаў ужо… Мы не цалкам глядзелі гэта». Паводле слоў Кавалёва,

ён і дзяўчына былі шакаваныя.

Адлучку Канавалава падсудны Кавалёў, паводле яго слоў, не звязваў з тэрактам. Ён сцвярджае таксама, што з 10 красавіка не звяртаў увагі на тое, дзе была сумка Дзмітрыя.

Кавалёў дадаў, што 12 красавіка Яна Пачыцкая плакала, гледзячы рэпартаж аб выбуху, а Канавалаў супакойваў яе. «Дзмітрый гаварыў, што ўсё будзе добра», — сказаў падсудны.

Допыт Кавалёва прадаўжаецца ўжо прыкладна дзве гадзіны. Пракуроры вельмі падрабязна распытваюць аб яго сувязі з іншым падсудным, аб падзеях, якія былі 11 красавіка і напярэдадні, у што быў апрануты Канавалаў, куды і колькі разоў выходзіў са здымнай кватэры і г.д.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?