«У СІЗА КДБ мне адкрыта казалі, што мы — заложнікі, тавар. Што нас будуць мяняць на крэдыты», — сказаў 16 верасня на прэс-канферэнцыі Аляксандр Атрошчанкаў, які падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года быў прэс-сакратаром кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

Па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня Атрошчанкаў быў асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён выйшаў на волю 14 верасня на падставе ўказа кіраўніка дзяржавы аб памілаванні.

Тое, што адбываецца ў Беларусі з палітзняволенымі, Атрошчанкаў назваў фашызмам і гандлем рабамі. «І ўлада гэта цудоўна разумее сама. У краіне поўнасцю знішчана законнасць. У краіне ў турму можна пасадзіць абсалютна любога чалавека. Невінаватых вызваляюць на падставе ўказа аб памілаванні. Фармулёўка пра тое, што Лукашэнка кіруецца прынцыпамі гуманізму, гучыць здзекліва», — падкрэсліў былы палітзняволены.

Кажучы аб магчымасці дыялогу паміж уладай і апазіцыяй, Атрошчанкаў заявіў: «З Лукашэнкам можна размаўляць толькі аб перадачы ўлады». «Я поўнасцю згодны з Андрэем Саннікавым, які заявіў аб адсутнасці самога прадмета дыялогу. Лукашэнка прайграў выбары, таму і меў месца такі брутальны разгон плошчы. Улада збанкрутавалася, у яе няма адказаў на простыя пытанні народа, што будзе заўтра», — зазначыў ён.

Яшчэ адзін удзельнік прэс-канферэнцыі, актывіст руху «Гавары праўду!» Павел Вінаградаў, які таксама памілаваны на падставе прэзідэнцкага ўказа, заявіў, што рана радавацца, пакуль «палітзняволеныя працягваюць заставацца ў турмах». «Думаю, усіх хутка выпусцяць. Неабходна працягваць працаваць, і хутка мы пераможам», — мяркуе Вінаградаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?