ААТ «КамАЗ» разлічвае да канца года стварыць сумеснае прадпрыемства з Мінскім аўтамабільным заводам. Аб гэтым заявіў 16 верасня журналістам гендырэктар КамАЗа Сяргей Кагогін.

«Так, у нас ёсць такая мэта — атрымаць яснасць па пагадненні да канца года», — цытуе Кагогіна РІА Новости. Гендырэктар КамАЗа растлумачыў, што ў гэты тэрмін плануецца «закрыць здзелку».

Паводле яго слоў, ацэнка МАЗа будзе гатовая 19 верасня. Кагогін таксама адзначыў, што МАЗ не мае справаздачнасці па Міжнародных стандартах фінансавай справаздачнасці, таму нават прыблізна цяжка сказаць, у колькі яго ацэніць аўдытар.

Дзяржкарпарацыя «Ростэхналогіі», якая валодае 49,9% акцый КамАЗа, зімой прапанавала аб’яднаць КамАЗ і МАЗ. Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка ў пачатку чэрвеня казаў, што праекты дакументаў па стварэнні холдынгу з удзелам КамАЗа і МАЗа плануецца падрыхтаваць да канца года. Аднак у канцы чэрвеня кіраўнік «Ростэхналогій» заявіў, што перамовы зацягваюцца па палітычных прычынах.

Першапачаткова бакі разглядалі абмен акцыямі КамАЗа і МАЗа ў межах аб’яднання дзвюх кампаній, але беларускія ўлады адмовіліся ад гэтага варыянту. Затым было прапанавана стварыць СП, у якое будуць унесены 49,9% акцый КамАЗа і 49,9% акцый МАЗа, а таксама шэраг прадпрыемстваў, якія вырабляюць аўтакамплектуючыя як у Расіі, так і ў Беларусі. Кіраўнік «Ростэхналогій» Сяргей Чэмезаў адзначаў, што пакет акцый КамАЗа аб’ектыўна каштуе значна даражэй, чым аналагічны пакет МАЗа. Паводле слоў Чэмезава, пасля правядзення ацэнкі стане зразумела, якія прадпрыемствы ўвойдуць у СП.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?