Прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін дапускае магчымасць інтэграцыі Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі ў еўрапейскую прастору.

«Хто сказаў, што Мытны саюз не павінен інтэгравацца ў агульнаеўрапейскую эканамічную прастору?.. Адно аднаму не супярэчыць», — заявіў Пуцін, выступаючы 16 верасня на міжнародным інвестыцыйным форуме «Сочы-2011», паведамляе РІА Новости.

Кажучы пра магчымасці далучэння Украіны да еўразоны ў сённяшніх умовах, Пуцін выказаў меркаванне, што гэта нерэальна.

«Я з цяжкасцю магу сабе ўявіць, што ў гэтых (крызісных) умовах Украіна будзе далучацца да Еўрасаюза.
Гэта абсалютна нерэальныя рэчы. Як стратэгія гэты выбар, вядома, магчымы», — сказаў ён.

Расійскі прэм’ер упэўнены, што далучэнне Украіны да Мытнага саюза было б для яе больш выгадным. «Што больш выгадна, павінны вызначыць нашы ўкраінскія сябры і калегі: імкнуцца ў еўразону або выкарыстоўваць наяўныя канкурэнтныя перавагі, звязаныя з велізарнай кааперацыяй паміж цэлымі галінамі эканомікі Украіны і Расіі. Выкарыстаць перавагі ў сферы адзінага транспарту, энергетыцы, выкарыстаць перавагі ментальнага, культуралагічнага характару, выкарыстаць перавагі адсутнасці моўных бар’ераў», — зазначыў Пуцін.

Паводле яго слоў, «гэта вялікі пласт фактараў, які, безумоўна, забяспечваў бы большую канкурэнтаздольнасць украінскай, дый расійскай, і ўсіх іншых удзельнікаў Мытнага саюза эканомік».

«Меркаванні, якія гавораць, што трэба рухацца ў іншы бок, хутчэй носяць гэткі палітыка-эмацыянальны характар. А калі паглядзець на рэаліі, то стане зразумела, што выгады ў Мытным саюзе больш», — мяркуе расійскі прэм’ер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?