На прасторах былога СССР, відаць, гэтую песню болей ведаюць як «Утомленное солнце». Тым часам гэта музыка вядомага ў 1930-я гады польскага кампазітара Ежы (Георгія) Пецярбургскага. Словы напісаў Зянон Фрыдвальд, атрымалася шчымлівая песня «To ostatnia niedziela», якую ў 1936 г. выканаў упершыню Мечыслаў Фог.

Гэта маналог беднага юнака, якога кінула дзяўчына, аддаўшы перавагу багацейшаму хлопцу.

Песня адразу стала папулярнай у Польшчы, а ў 1937 г. савецкі паэт Іосіф Альвек пераклаў яе на расійскую, і яна ўпершыню ў СССР была выканана джазавым аркестрам Аляксандра Цфасмана і салістам Паўлам Міхайлавым. У далейшым песню спявалі Леанід Уцёсаў, Іосіф Кабзон. Пару гадоў таму арыгінальны варыянт прапанавала літоўская спявачка Аліна Арлова.

А што Ежы Пецярбургскі?

У 1939 г. ён жыў у Беластоку (Пецярбурскі быў яўрэем і ўцякаў ад немцаў).
З прыходам новай улады ўзначаліў Беларускі джаз-аркестр, потым перабраўся ў Маскву, дзе напісаў не менш знакаміты вальс «Сіній платочек». Пасля вайны выехаў з СССР і пасяліўся на нейкі час у Аргенціне, дзе працаваў у Нацыянальным тэатры ў Буэнас-Айрэсе капельмайстрам. Затым вярнуўся ў Польшчу.
Сёння, дарэчы, 17 верасня — дзень «уз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі» .

У 1939 г. 17 верасня выпала на нядзелю. Для соцень тысяч жыхароў Заходняй Беларусі гэта была сапраўдная «ostatnia niedziela» жыцця за польскім часам.

На змену «панскаму прыгнёту» прыйшло жыццё ў «вялікай і дружнай савецкай сям’і» — з яе расстрэламі, Курапатамі, высылкай на Поўнач і ў Сібір, калектывізацыяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?