У Беларусі стартавала чарговая кампанія па прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве.
Указ № 419 «Аб звальненні ў запас ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы і рэзервістаў, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны ваеннай службы па прызыве, службы ў рэзерве, і прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве ў жніўні-лістападзе 2011 года» Лукашэнка падпісаў 15 верасня.

У адпаведнасці з указам на тэрміновую службу, службу ў рэзерве будуць прызваныя грамадзяне мужчынскага полу, якім да дня прызыву споўнілася 18 гадоў і якія не маюць права на адтэрміноўку ад прызыву, а таксама грамадзяне прызыўнога ўзросту, якія страцілі права на адтэрміноўку.

Маладое папаўненне павінна быць накіраванае на ўкамплектаванне злучэнняў і часцей Узброеных сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў да 30 лістапада.

Устаноўлена, што пацярпелыя ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС грамадзяне, прызваныя на тэрміновую ваенную службу, накіроўваюцца ў вайсковыя часці і фарміраванні, якія не знаходзяцца на радыеактыўна забруджаных тэрыторыях, і прызначаюцца на воінскія пасады, не звязаныя з працай па эксплуатацыі крыніц іанізуючага выпраменьвання, звышвысокіх частот і працамі з кампанентамі ракетнага паліва.

Лукашэнка загадаў Беларускай чыгунцы забяспечыць па заяўках Мінабароны, іншых дзяржорганаў, у якіх прадугледжана ваенная служба, перавозку ваеннаслужачых тэрміновай службы і рэзервістаў, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны, і грамадзян, прызваных на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве.

Ваенным камісарам на падставе адпаведных рашэнняў раённых (гарадскіх) прызыўных камісій даручана накіроўваць у органы пракуратуры матэрыялы на грамадзян, якія ўхіліліся ад прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, для прыцягнення іх да адказнасці ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам.

Інфармацыя аб выніках прызыўной кампаніі павінна быць прадстаўлена ўрадам прэзідэнту да 20 студзеня 2012 года.

Загад міністра абароны аб выкананні ўказу прэзідэнта № 419 падпісаны 16 верасня.

Нагадаем, у 2011 годзе ў Беларусі зменены часовыя параметры навучальнага года ва Узброеных сілах і прызыву грамадзян на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве.

Раней навучальны год ва Узброеных сілах пачынаўся 1 лютага і завяршаўся 30 лістапада.

З гэтага года ён будзе пачынацца 1 снежня і завяршацца 31 кастрычніка наступнага года.
Адпаведна змяніліся і тэрміны правядзення прызыўной кампаніі. Калі раней мерапрыемствы прызыву ажыццяўляліся два разы на год, у кастрычніку-студзені і красавіку-ліпені, то з 2011 года яны перанесены на люты-май і жнівень-лістапад.

Для планамернага пераходу на новыя тэрміны прызыву ў адпаведнасці з указам прэзідэнта № 200 ад 18 мая 2011 гады гэтым летам прызыў быў ажыццёўлены для камплектавання ўнутраных войскаў МУС, органаў пагранслужбы, дзяржбяспекі і асобных падраздзяленняў УС. Усяго на службу прызвана прыкладна 3 тысяч чалавек. Чарговы прызыў грамадзян для праходжання службы ва УС і ў рэзерве пройдзе ў лістападзе 2011 года. У гэты перыяд у злучэнні і часці беларускай арміі плануецца накіраваць каля 10 тысяч чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?