На датэрміновых парламенцкіх выбарах у Латвіі ўпэўнена перамаглі правацэнтрысцкія партыі былога прэзідэнта Затлерса і дзейнага прэм’ера Дамброўскіса.

Партыя Рэформ першага і «Адзінства» другога набіраюць прыкладна да 20% галасоў.
Мяркуецца, што Дамброўскіс застанецца прэм’ерам. Урадавую кааліцыю разам з імі складзе, імаверна, нацыяналістычная партыя «Усё — Латвіі / Радзіме і свабодзе». Яна набірае прыкладна ўдвая больш галасоў, чым на папярэдніх выбарах, каля 13%. Магчыма, да кааліцыі далучыцца і трэці кааліцыйны партнёр з дзейнага ўрада, Партыя зялёных і сялян (ПЗС), якая таксама трапляе ў парламент з 13%. Гэта адзіная з так званых алігархічных партый, што праходзіць у Сойм.
Партыя сацыял-дэмакратычнага толку Цэнтр згоды, за якую галасуюць збольшага расейскамоўныя, набірае каля 32% галасоў.
Аднак для фармавання ўрада ёй няма кааліцыйных партнёраў. Астатнія партыі алігархаў праляцелі міма Сойма, як і радыкальна прарасійская «За правы чалавека ў адзінай Латвіі».
Былы прэзідэнт Валдзіс Затлерс дасягнуў свайго, распусціўшы ранейшы склад Сойма.
Ён абвінавачваў дэпутатаў, блізкіх да алігархічных груповак, у карумпаванасці. Новы склад парламента будзе адным з самых правых за апошнія 15 гадоў.

Што цікава,

перад выбарамі партыя Цэнтр згоды, якую ўзначальвае мэр Рыгі Ніл Ушакоў, імкнулася заваяваць латышскамоўны электарат. Яна ўпершыню прызнала факт савецкай акупацыі Латвіі.
Гэта робіць магчымым яе ўваходжанне ў кааліцыю з адной з правацэнтрысцкіх партый.
Партыя рэформ Затлерса галоўнай задачай бачаць канстытуцыйную рэформу дзеля павышэння эфектыўнасці ўлады. У прыватнасці, Затлерс выступае за ўмацаванне прэзідэнцкай улады.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?