Схадзіў і я ўчора з сярэднім сынам-падлеткам на вернутых "Тутэйшых".

Вось шаноўны Вячаслаў Ракіцкі на "Свабодзе" адзначае: і 16 гадоў таму, і цяпер "гэтак жа сама і ў тых жа самых месцах публіка сьмяецца і пляскае ў далоні".

Я ж заўважыў у шэрагу момантаў менавіта адрозную рэакцыю. Мо' таму, што, акрамя сына, у ложы бэльэтажу (дарэчы, ці ёсьць беларускі адпаведнік?) апынулася цэлая кампанія зусім юных асобаў.

Дык вось, гэтае пакаленьне, ня жыўшы ў пэрыяд дэфіцытаў ды спэцразьмеркавальнікаў, куды болей раўнадушна сузірае тую сатырычную сцэну, дзе саўбур Мікіта Зносак цягне вазок з партфэлямі. Там пасьведчаньні "на ваду, на апал, на яду" і г.д., а таксама пайкі:

"...сем фунтаў адборнай атрубянай мукі, паўтара фунта з асьмушкай круп, два фунты з чвэрткай гароху, ня ведаю колькі газы, паўчвэрці фунта і два лоты солі, і да ўсяго гэтага яшчэ: селядцы, тараны, сем з паловай фунтаў дроў, пудэлачка, меджду протчым, пудры а-ля-руж, падстаўка для кветак, тры чаркі, а болей, здаецца, нічога няма".

16 гадоў таму, калі без талёнаў ды купонаў не прыдбаць было ні шкарпэтак, ні пляшкі, ні цыгарэтаў, гэтую тыраду зала сустракала шквалам эмоцыяў. Увогуле адгукалася на кожны сатырычны штрых, датычны камуністычнага кіраваньня, воплескамі вітала антыбальшавіцкія рэплікі.

Насупраць Купалаўскага тэатру, на Карла Маркса, 38, месьціўся тады ЦК КПБ, для якога бел-чырвона-белы сьцяг таксама быў забароненай сымболікай. Разам з тым, функцыянэры ўсё болей падціскалі хвасты. Дэмакратычная публіка п'янела ад ілюзіі, што варта пазбавіцца ўлады замшэлых партакратаў — і адразу зажывем вольна ды заможна.

(Успаміны аб прэм'еры "Тутэйшых" ляжаць вось тут. )

Разам з тым, на мяжы 90-х многія айчынныя дэмакраты з піетэтам глядзелі на Маскву, што вяла перабудовачны рэй.

Учора ж тэатральная зала, як мне падалося, найболей эмацыйна падтрымлівала сцэнічныя выпады супраць навукоўца-русапята, які дзёўб пра Паўночна-Заходні край.

Гэтыя эмоцыі, асабліва ў юнай публікі, пэўна ж былі афарбаваныя і водбліскамі нядаўняй нафтагазавай вайны.

Падчас яе, канешне, і з вуснаў тутэйшага начальства мы чулі філіпікі на адрас Крамля.

Але пляскаць у ладкі нешта ня цягне.

Бо яшчэ зьвіняць у вушах трэлі на тэму братняга яднаньня. Бо яшчэ моцная ў вярхох флюгерная мэнтальнасьць а-ля Мікітка Зносак.

Пра канец анамаліі можна будзе сказаць не раней, чым высокая ўлада прыдзе на "Тутэйшых" і будзе стоячы вітаць у фінале бел-чырвона-белы сьцяг.

P.S. А мо' начальству квіткоў не хапіла? :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?