Клясычную японскую жахаўку я перанес на беларускую глебу. Назва мусіла быць "Першы сьнег". Але Алесь Гарун ужо пісаў на гэтую тэму… Увага! Палахлівых просім пакінуць залю!..

Гэта не рэцэнзія і не сцэнар. Гэта апавяданьне ў стылі "квайдан"

***

Калі празрыстымі прыцемкамі выпаў першы сьнег, малады чалавек вяртаўся дадому. У гасьцях ён добра пабаляваў, і жыцьцё здавалася яму чароўным; музыка шчэ гучала ў ягонай галаве.

Гушкаліся й люляліся ў паветры сьняжынкі; завіхаліся ў сьвятле маленькіх ліхтароў. Сьнег блішчэў і падаў, іскрысты й мяккі, лёгкі і нязмушаны Ён граў у мільёнах часьцінак, круціўся і таньчыў. Мільгатлівае сьвятло зваблівала і гуляла. Вось і сам юнак пад нячутную музыку неўпрыкмет ловіць далонямі сьняжынкі.

Тут хлопец заўважыў, што зьбіўся з дарогі.

Гэтую гарадзкую ўскраіну ён ведаў блага. Калісьці тут ішоў Стары Тракт, але ад яго засталася толькі небрукаваная сьцяжынка.

Наўзбоч гмырылася напаўразбураная каплічка, пастаўленая невядома зь якой прычыны. Ліхтары не сьвяцілі.

Штосьці белае варухнулася наперадзе.

Малады чалавек падышоў бліжэй.

На сьцяжынцы стаяла самотная дзяўчына. Сьнег застываў на запунсавелых ад марозу шчоках, на цёмных вейках дрыжалі бліскучыя кроплі. Дзяўчына не варушылася.

"Што трэба тут пекнае маладзіцы?" – падумалася юнаку.

– Вы заблукалі? – зьвярнуўся ён да зваблівага незнаёмага сылуэту.

– Стары Тракт, першы дом зьлева… дзе гэта? – у сумётах варухнуўся няпэўны сьцень.

Юнак зьдзівіўся. Ён не памятаў, каб на Старым Тракце калісьці былі дамы.

Ціха клаўся на зямлю першы сьнег, мяккі, датклівы…

– Вы памыліліся. Тут даўно не будавалася анічога… – ад гэных словаў дзяўчына зьніякавела і сьцялася.

– Чым я магу вам дапамагчы? – пасьпешліва дадаў юнак.

– Я шукала свой стары дом… А цяпер няма дзе і спыніцца, – аблачынка пары выляцела зь яе ірта; плечы маладзіцы дрыжалі.

Чарнела пустэчай закінутая сьцяжынка. Трымцеў у паветры колкі сьнег.

– Ну, супакойцеся, супакойцеся… Вы маглі бы пераначаваць у мяне… калі вас гэта не засмучае, – лёгкі мароз паколваў твары. У целе бруілася згарачэлая кроў.

– Праўда?.. – незнаёмая падняла цёмныя вочы на юнака.

– Маё імя Алесь Галавач. Я жыву недалёка адсюль… праўда.

Чуцен быў шолах крохкага сьнегу, мяккім срэбрам зьвінела хісткае і дрыготкае сьвятло…

У хлапечай кватэры сьвятло не ўключалі. У юнака і госьці была адна падушка на дваіх – і адна неспакойная ноч.

За сьценамі дома надыходзіла зіма.

Юнак прачнуўся, калі ўзышло сонца; вочы дзяўчыны былі заплюшчаныя, белы твар дыхаў спакоем. Дзяўчына не паварушылася, калі хлопец падняўся.

Гаспадар паставіў ваду на агонь, згатаваў сьняданак. Дзяўчына не рухалася. Не было чутно ані гуку.

Хлопец увайшоў у спачывальню. Ціха і асьцярожна...

Тут хлопец заўважыў, што валасы прыгажуні зблыталіся, а ў самім твары зьявілася нешта незразумелае, нейкая адна нетлумачальная рыса, штосьці схаванае і няўлоўна тужлівае.

Юнак толькі ня мог зразумець, што… Бязгучна ён даблізіўся да ложку, правёў рукою па заблытаных валасох госьці – і тут галава з тупым хрустам павярнулася ў ягоных далонях.

У халодным прадчуваньні невыноснага чалавек адкінуў коўдру: ложак быў пусты, бялізна заліта крывёю – а ў рукох ляжала адрэзаная галава.

– Забойца! Забойца! – бялясыя вочы расплюшчыліся, вусны скрывіліся кпінамі.

Суседзі чулі, як нехта крычаў.

Калі прыехала міліцыя, то ў кватэры не знайшлі анічога, што сьведчыла б пра візыт. Не было ні сьлядоў госьці, немашака і адрэзанай галавы.

Мясцовы гісторык сьцьвярджаў, што калісьці на Старым Тракце жыла вядзьмарка. Яе доўга трывалі. Але аднойчы у чараўніцу закахаўся Алесь Галавач, сын паважанага кашталяна. Ды так ашалеў ад каханьня, што ўцёк да прыгажуні на Стары Тракт.

Зь першым сьнегам ведзьму пасеклі на кавалкі, галаву надзейна схавалі, але сын кашталяна зьнік.

Малады чалавек, які марознымі прыцемкамі вяртаўся дадому, зусім звар'яцеў. Калі ён бачыў сьнег, то калаціўся і крычаў няўцямнае: "Першы сьнег! Першы сьнег!" Небараку пасадзілі пад замок. “Гэта ня я!”

Цела ягонае білася... Фарбы ў пакоі чырвоныя зь белым, арнамэнтам кругі і колы.

А сьнег усё падаў і падаў.

Праз колькі часу дзеці гралі ля Старога Тракту, і самы цікаўны зь іх заўважыў на чыстым сьнезе белы і цьвёрды пакунак. Пакунак разгарнулі…

Гэта была адсечаная жаночая галава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?