Стваральнікі сюжэту АНТ, прысвечанага выказванням Далі Грыбаўскайце ў адрас беларускай апазіцыі, выкарысталі музыку Лявона Вольскага. Гаворка ідзе пра песні «Сонца нам дапаможа» і «Я нарадзіўся тут» з альбому супольнага праекту «Я нарадзіўся тут».

Музыка ідзе фонам да мозгапрамывальных каментароў вядучага.

«У такім сюжеце выкарыстанне такой музыкі выглядае як здзек», — лічыць прадусар беларускіх музыкаў, кіраўнік «BMA-group» Віталь Супрановіч.

«Вядома, ніякага дазволу ў мяне ніхто не пытаў», — распавёў карэспандэнту «НН» Лявон Вольскі. Паводле яго словаў, цяпер ідзе пошук юрыста, які мог бы разабрацца з гэтым выпадкам выкарыстання недазволенай колькасці аўтарскага матэрыялу. «Парадаксальна, што

ў сюжэце ідзе гаворка пра тое, што «злодзей мусіць сядзець у турме», што трэба плаціць падаткі. І ў той самы час яго стваральнікі без дазволу выкарыстоўваюць чужую інтэлектуальную ўласнасць».

Названыя песні ва ўстаноўленым парадку зарэгістраваныя ў Камітэце па аўтарскіх правах.

«Хацелася б атрымаць нейкую кампенсацыю за маральныя страты. Тым больш, беларускі рубель умацоўваецца», — іранізуе Вольскі.

Гэта не першы раз, калі Вольскі фігуруе ў прапагандысцкіх перадачах БТ. У адным з ачарняльных фільмаў, прысвечаным гуртам з «чорнага спісу», гучаў фрагмент песні N.R.M. «Маё пакаленне». Словы «набыць бы даляры, прадаць бы рублі» стваральнікі фільму інтэрпрэтавалі як сведчанне прадажнасці беларускай апазіцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?