Шэсць год таму жэрабя «Дажынак» выпала Слуцку. У кастрычніку 2005 года амерыканскія дыпламаты выправіліся туды, каб ацаніць маштаб і якасць прыгатаванняў да свята, якія, паводле тэлеграмы, каштавалі амаль 57 млн даляраў.

Праз усю паездку дыпламатаў суправаджаў «Караван міліцэйскіх, журналісцкіх і КДБшных машын», паведамляецца ў тэлеграме.

Амерыканцы загадзя дамовілся з старшынём выканаўчага камітэта Аляксандрам Драко на маленькую закрытую сустрэчу. Але на іх здзіўленне, у офісе Драко дыпламатаў сустрэлі журналісты канала СТВ і мясцовых дзяржаўных выданняў. Калі ж амерыканцы гэтаму запярэчылі, то памочнік Драко ўсміхнуўся і гучна прамовіў: «Як жа мы будзем рэкламаваць прыезд дыпламатаў у наш горад без відэасустрэчы? Мы не маем ніякіх сакрэтаў!»

Выбачыўшыся, дыпламаты пакінулі будынак пад суправаджэнне камеры СТВ.

Сустрэчу з прадстаўнікамі мясцовай апазіцыі таксама вымушана скасавалі з-за празмернай і надакучлівай увагі КДБ, міліцыі і дзяржаўных журналістаў.

«Яўнай мэтай журналістаў, міліцыі і ідэолагаў было прымусіць дыпламатаў нервавацца і перашкодзіць іх сустрэчам.

Супрацоўнікаў амбасады суправаджалі і ў ранейшыя паездкі па рэгіёнах, але такі маштаб увагі быў упершыню», піша Джордж Крол.

Затое ўдалося сустрэцца з рэдактарамі мясцовых выданняў і групай абароны правоў спажыўцоў.

Амерыканцы даведаліся, што часта рэнавацыя ўключае толькі рамонт фасадаў і бачнай інфраструктуры, а не неабходныя ўнутраныя працы.

Рэдактары Андрэй Кадрэнка (часопіс «Капітал») і Сяргей Станкевіч (газета «Кур’ер») на пытанні дыпламатаў ЗША адказвалі неахвотна і стаўленне іх было «прынамсі варожым і грубым».

Але прыемна ўразіла арганізацыя па абароне правоў спажыўцоў на чале з Ігарам Губанавым.

«Арганізацыя жыве за кошт унёскаў кліентаў, таму грошай не хапае. Ніхто з супрацоўнікаў не мае заробку ўжо 2 месяцы і цяпер думаюць, як заплаціць за ацяпленне. Але арганізацыя працягвае дзейнасць і дзівосна перамагае ў 95% судоў»

На момант візіту дыпламатаў сваёй чаргі чакалі тры позвы, звязаныя з маштабнымі рэнавацыямі да Дажынак.

«Чыноўнікі аддавалі загады на правядзенне працаў, не зважаючы на маёмасць жыхароў і іх жыллёвыя ўмовы. Дахі зрывалі і не засцілалі, таму ў дамах утвараўся патоп, і гэта не кампенсавалі. Працоўныя неахайна ламалі прыватную маёмасць, ваконнае шкло, спрабуючы на скорую руку зрабіць касметычны рамонт горада», — апісвае тэлеграма.

Міліцыя і мясцовы галоўны ідэолаг у машыне КДБ суправаджалі дыпламатаў далёка за горадам.

«Ля прыдарожнага рэстарана мы спыніліся, каб спытаць у чалавека на дарозе, дзе набыць кавуны.

Не паспеў ён скончыць свой сказ, як тут жа побач спыніўся міліцэйскі аўтамабіль, і яго паклікалі на маленькую размову», —
перадае дэталі паездкі тэлеграма.

Падазрэнні, што дажыначная рэнавацыя горада ў лепшым выпадку — штучная, пацвердзіліся, прыходзяць да высновы замежныя дыпламаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?