21 студзеня ў праграме «Панорама недели» паказвалі запіс інтэрвію старшыні Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Рэнэ ван дэр Ліндэна. «На маю думку, у Беларусі ўжо складаецца новая сітуацыя. Краіна гатова быць больш адкрытай і распачынаць пэўныя крокі з мэтай паказаць ЕЗ, што яна можа весці адкрыты дыялог у святле найбольш важных прыярытэтаў Еўрапейскага Звяза. І гэтая сітуацыя склалася, я думаю, яшчэ да майго прыезду», – пераклала словы ван дэр Ліндэна Беларускае тэлебачанне.

Паводле слоў Рэнэ ван дэр Ліндэна, у яго склалася ўражанне, што пасля «энергетычнага канфлікту» паміж Расеяй і Беларуссю шмат людзей «сталі больш адкрытымі, імкнуцца да пасоўвання наперад, да ўсталявання лепшых адносінаў з еўрапейскімі структурамі, да адкрытага дыялогу з еўрапейскімі краінамі». «Гэта важна як для Беларусі, так і для ўсёй Еўропы», – падкрэсліў кіраўнік ПАРЕ (усе цытаты з перакладу Першага канала).

«Як вы ведаеце, у ЕЗ лічаць, што Беларусь не падтрымлівае пазіцыю Рады Еўропы. Гэта тычыцца і выбараў, і палітыкі прэзідэнта, і ролі апазіцыі, і грамадзянскай супольнасці, – сказаў Р. ван дэр Ліндэн. – Я адзначыў усе гэтыя моманты падчас сустрэч у якасці адной з папярэдніх умоў для пачатку адкрытага дыялогу. Было б вельмі карысна, каб ваш урад прыняў экспертаў з краін ЕЗ, каб тыя падрыхтавалі даклад па палітыцы прэзідэнта, бо існуюць розныя пункты гледжання. Давайце папросім міжнародных экспертаў зрабіць такі даклад, і пасля паглядзім, згаджацца з імі ці не».

У арыгінале прамовы Рэнэ ван дэр Ліндэна гучыць выказванне не пра «палітыку прэзідэнта», а пра «вязняў, што лічацца палітычнымі» – «prisoners considered as political prisoners».

Падчас гутарак з журналістамі тэлебачання Рэнэ ван дэр Ліндэн таксама адзначыў, што ён раіць афіцыйнаму Менску не распальваць энергетычны канфлікт з Расеяй.

«Вядома, я разумею вашы пачуцці, вашае расчараванне, але вы таксама павінны разумець: калі цэны паднімаюцца, вы павінны весці новыя перамовы, – заявіў кіраўнік ПАРЕ. – Я параіў бы: не распальвайце гэты канфлікт, бо гэта ж у інтарэсах вашай краіны – падтрымліваць добрыя адносіны з вашым суседам, Расеяй, як і з еўрапейскімі краінамі. Магчыма, з прычыны таго, што адбылося ў апошні час, вы і сталі больш адкрытымі і для Еўропы. І калі так, то гэта дапаможа ў будаванні новых адносінаў».

«Я не думаю, што Расея выкарыстоўвае дадзенае становішча ў якасці палітычнай прылады, бо сусветны эканамічны рынак арыентуецца на цэны, – сказаў Рэнэ ван дэр Ліндэн. – Мы бачылі, што летась цэны падвысіліся. На жаль, гэта і прынесла свае наступствы. Беларусь вырашыла супрацьстаяць эканамічна арыентаванаму элементу рынку. Гэта, вядома ж, не можа не адбіцца на цэнах на энерганосьбіты ў вашай краіне. Я лічу, што ні адна краіна не можа абыйсці бокам сусветныя эканамічныя працэсы, за выключэннем тых, у каго ёсць свае ўласныя крыніцы энергіі. Гэта рынак, з рынкава арыентаванымі цэнамі».

«Аднак вы таксама павінны прымаць да ўвагі, што эканоміка, гандлёвыя стасункі звязаныя з правамі чалавека, дэмакратыяй і вяршэнствам закона, – падкрэсліў кіраўнік ПАРЕ. – І калі вы жадаеце бачыць гэтыя адносіны ў іншым, лепшым кірунку, нам трэба ўзаемадзейнічаць. У вас добрае становішча ў крымінагенным плане, стабільнасць, таму падаецца, што можна не выконваць рэкамендацыі Рады Еўропы па правах чалавека, дэмакратыі і г.д. Таму я зноў заклікаю: прыміце да ўвагі сітуацыю з вашай палітыкай і правамі грамадзянскай супольнасці».

«Мы вас крытыкуем не таму, што вы – Беларусь. Мы глядзім на агульнапрынятыя каштоўнасці і на тое, як яны выконваюцца. Мая прапанова: давайце падумаем, як нам зноў пачаць дыялог, як рухацца наперад, каб дасягнуць пазіцый, існоўных у краінах Рады Еўропы», – сказаў Рэнэ ван дэр Ліндэн.

Як паведамлялася раней кіраўнік ПАРЕ Рэнэ ван дэр Ліндэн наведаў Менск 18‑20 студзеня. Падчас візіту палітык даў эксклюзіўнае інтэрв’ю агенцтву БелаПАН, а таксама інтэрв’ю «Панораме недели» Першага канала беларускага тэлебачання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?