На распараджэньне канцэрну «Белнафтахім» трэці раз за два апошнія месяцы падвышаныя кошты на паліва, што прадаецца на аўтазалівачных станцыях. Цяпер бэнзін маркі А‑95 каштуе амаль даляр — 2100 рублёў за літар. Спэцыялісты зьвязваюць чарговае падаражэньне з нафтавым канфліктам паміж Расеяй і Беларусьсю.

Ад суботы на аўтазалівачных станцыях кіроўцаў чакае непрыемная навіна. Інфармацыйныя стэнды зноў паказваюць новыя лічбы: бэнзін Н‑80 і дызэльнае паліва цяпер каштуюць 1470 рублёў за 1 літар (былі 1400 рублёў), А‑92 — 1840 рублёў (каштаваў 1760), А‑95 — 2100 (было 2000).

Рэакцыя кіроўцаў на ўбачанае розная: хтосьці гатовы ўвогуле адмовіцца ад машыны, іншыя называюць гэты працэс аб’ектыўным.

Кіроўца: «Усё адчуваецца — тым больш, што я студэнт. Я ўжо ўвогуле задумваюся, ці ёсьць сэнс езьдзіць на бэнзінавай машыне. Нават уявіць сабе ня мог, што так хутка будзе расьці, жах проста. Мяркую, што ў тым жа духу будзе працягвацца надалей, гэтае падвышэньне зусім не апошняе».

Кіроўца: «Ну, а як, каб не адчувалася? Адчуваецца. Але куды ад усяго гэтага падецца? Нікуды! Усюды даражае, ва ўсім сьвеце...»

Кіроўца: «Гэта працэс не адной краіны, гэта працэс, будзем так казаць, міжнародны. У Эўропе таксама падвышаецца. У Польшчы той жа — таксама».

У канцэрне «Белнафтахім» адмаўляюцца камэнтаваць абгрунтаванасьць чарговага падвышэньняна коштаў паліва для насельніцтва і арганізацыяў. Спроба пачуць тлумачэньне зводзілася практычна да аднаго адказу:

Супрацоўнік канцэрну: «Я не магу камэнтаваць, бо не кампэтэнтны ў такіх пытаньнях».

Цягам 2006 году ўсе гатункі бэнзіну і саляркі вырасьлі ў сярэднім на паўтысячы рублёў. Падчас нафтавага канфлікту з Расеяй кіраўніцтва «Белнафтахіму» запэўнівала: ніякіх падаражаньняў нафтапрадуктаў хуткім часам ня будзе! Аднак эканаміст Сяргей Балыкін лічыць: шукаць лёгікі ў падобных рашэньнях досыць складана, паколькі ў Беларусі цана фармуецца ня рынкам, а дырэктывамі і нарматыўнымі актамі. Як перакананы экспэрт, у дадзеным выпадку падвышэньне можна патлумачыць ростам цаны на нафту з увядзеньнем Расеяй вывазнога мыта на сыравіну.

Намесьнік старшыні Саюзу прадпрымальнікаў Беларусі, эканаміст Міхаіл Шавельзон перакананы: урэшце кошт выраўнаецца з заходнеэўрапейскім — там літар паліва ў сярэднім каштуе 1 эўра. Аднак, на думку спадара Шавельзона, мець дарагое паліва ўсё ж лепей, чым перавесьці яго ў разрад дэфіцыту.

Шавельзон: «Цудаў не бывае. Дзяржава мела адну цану, цяпер яна мае іншую. Перапрацоўчыя заводы маюць свае выдаткі, якія трэба кампэнсаваць. Мы не закрытая эканоміка. Заводам будзе больш выгадна прадаваць на Захад, чым на ўнутраны рынак. То бок, калі ня будзе росту коштаў, бэнзін проста зьнікне, як ужо ня раз было. Калі дзяржава стрымлівае кошты неадэкватна, то ён зьнікае. Яго праўдамі і няпраўдамі будуць вывозіць у Літву, ва Ўкраіну, яшчэ кудысьці. Попыт і прапанова — схема вядомая».

Гандляры легкавымі аўтамабілямі скардзяцца: ад пачатку году назіраецца скарачэньне аб’ёму продажаў машынаў зь вялікімі аб’ёмамі рухавікоў. Перадусім, гэта тычыцца амэрыканскіх аўто, якія традыцыйна камплектуюцца магутнымі маторамі. Аўтаэкспэрты прагназуюць вяртаньне ажыятажу на дызэльныя машыны — розьніца паміж 95‑м бэнзінам і саляркай больш за 600 рублёў.

Кошты на паліва ў Беларусі адны з самых высокіх у краінах былога СССР. Літар самага папулярнага бэнзіну А‑92 у Расеі ў апошнюю дэкаду сьнежня нават патаньнеў на паўпрацэнта і склаў 18 расейскіх рублёў — у беларускіх цэнах каля 1500 рублёў. Прыблізна такі ж кошт у Азэрбайджане. Ва Ўкраіне літар 92‑га роўны 3,5 грыўнам, што блізу 1600 беларускіх рублёў. Самы танны бэнзін у Туркмэністане — поўны бак каштуе адзін даляр. Праўда, уладальнікаў аўтамабіляў там ці не найменш на пасьлясавецкай прасторы.

Для параўнаньня: у ЗША галон бэнзіну (3,78 літра) каштуе 2,7 даляра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?