Іван Ткачэнка, фота ИТАР-ТАСС.
За апошнія паўтара года на аперацыі і лячэнне дзяцей з анкалогіяй ён перавёў 4,5 млн расійскіх рублёў [143 тыс. даляраў ЗША].
Апошнія 500 тысяч [16 тыс. даляраў] ён адправіў за 15 хвілін да сваёй смерці.Бацькі дзяцей, якім ён дапамагаў, ніколі не бачылі яго ў твар і не размаўлялі з ім па тэлефоне. Для іх ён быў «Іван Леанідавіч», ці то бізнэсовец, ці то проста багаты і неабыякавы чалавек.
Цяпер стала вядомае яго сапраўднае імя: Іван Ткачэнка, капітан хакейнага «Лакаматыва» - каманды, якая разбілася ў нядаўняй авіякатастрофе пад Яраслаўлем.
- Ваня не хацеў, каб пра гэта хоць хто-небудзь ведаў, і мы ўжо шкадуем, што парушылі дадзенае яму слова і размясцілі інфармацыю на сваім сайце,- кажа Алена Грачова з піцерскага фонду «Адвіта». - Журналісты тут жа пачалі тэлефанаваць 16-гадовай Дзіяне Ібрагімавай, для лячэння якой прызначаўся апошні транш Івана. У Дзіяны хутка сур'ёзная аперацыя, і ёй самой патрэбныя сілы, а яны з мамай плачуць і не могуць спыніцца.
У Расіі зарэгістравана каля 1,5 тыс. розных дабрачынных фондаў. З іх не больш за 10 маштабна займаюцца дапамогай дзецям з анкагематалагічнымі захворваннямі. Самы вядомы - фонд "Падары жыццё» Чулпан Хаматавай і Дзіны Корзун - з пачатку года сабраў 13 млн даляраў. Колькі ананімных донараў аказваюць дапамогу, дабрачынцы не афішуюць. «Гэта хутчэй выключны выпадак, чым звычайная практыка», - заўважае Карына Міхайлава з фонду «Жыццё».
«Абыякавасць дадае смерці шанцаў» - гэта была любімая прымаўка 20-гадовай Тані Сучковай з Ленінградскай вобласці. У яе была вельмі рэдкая хвароба - з 14 гадоў яна лячылася ад саркомы Юінга - злаякаснай пухліны, якая давіць на шкілет. Чатыры рэцыдывы, дзясяткі курсаў хімія- і прамянёвай тэрапіі і, нарэшце, аперацыя па перасадцы касцявога мозгу. Донара амаль два гады шукалі па ўсім свеце, знайшлі ў Тайвані.
- Гэта быў наш адзіны шанец, - кажа маці Тані Юлія Васільеўна.
Анёлам-ахоўнікам Тані, чыйго імені ні яна, ні яе мама ніколі не ведалі, быў Іван Ткачэнка. Імянны транш для Тані Сучковай - 500 тыс. рублёў - ён перавёў 18 красавіка. Таня якраз прыходзіла ў сябе пасля паспяховай трансплантацыі.
Ваня загінуў 7 верасня. На наступны дзень не стала Тані.
- У кожнага чалавека свой тэрмін. Ён настаў і для Івана, і для маёй Тані, - кажа Юлія Васільеўна. - Шкада, што такі светлы чалавек, як Ваня, рана сышоў.
- Ён патэлефанаваў нам некалькі гадоў таму і проста сказаў, што хоча дапамагчы,
мы доўгі час самі не ведалі, хто такі насамрэч Іван Леанідавіч,
- расказвае Алена Грачова з «Адвіты».
- Тыя, хто сапраўды ахвяруе буйныя сумы, звычайна бянтэжацца, калі мы, працаўнікі фонду, гаворым ім "дзякуй", - кажа Карына Міхайлава з фонду «Жыццё». - Такая ананімная дапамога, на маю думку, і ёсць сапраўдная дабрачыннасць, таму што не патрабуе нічога ўзамен і ідзе ад сэрца.
- У нас таксама ёсць такія - адзін прыходзіць кожны месяц, кладзе на стол 100 тыс. рублёў і ўцякае - мы нават імені яго не ведаем, - кажа Мікіта Цітоў з фонду «Помоги.орг». - Іншы ананімны донар можа цалкам аплаціць аперацыю за мяжой - €40 тыс., або купіць курс антыбіётыкаў для хворага мукавісцыдозам за 1 млн рублёў. Ён ужо другі раз цалкам бярэ на сябе выдаткі, і мы адпраўляем 10 дзяцей, хворых на ДЦП, у рэабілітацыйны цэнтр у Трускавец. Мы не ведаем, хто ён, у дакументах пішам, што гэта Канстанцін Пупкін. «Калі хочаце, завіце мяне так», - сказаў ён нам.
Яшчэ адзін, самы вядомы сярод дабрачынцаў ананімны донар хаваецца за нікам «Капітан Нема".Ён з'яўляецца заўсёды, калі яшчэ ёсць магчымасць выратаваць, але ўжо няма надзеі паспець сабраць грошы, кажуць пра яго практычна ва ўсіх фондах. Капітан Нема - буйны бізнэсовец, якому не хочацца залішняй увагі. «У наяўнасці таямнічага памочніка ёсць нейкая дадатковая надзея для людзей, якім патрэбна дапамога» - так аднойчы патлумачыў ён сваю ананімнасць.
Капітан «Лока» Іван Ткачэнка быў такім памочнікам. Гэта быў яго асабісты выбар. Сам ён не дажыў і да 32 гадоў.
У яго засталіся дзве дачкі, жонка цяжарная трэцім дзіцем.