Нарадзіўся родапачынальнік прафесійнай літоўскай музыкі ў 1875 годзе ў Варэне, дзяцінства правёў у Друскеніках, дзе працаваў арганістам яго бацька. Калі ў малога выявіліся схільнасці да музыкі, яго аддалі вучыцца ў музычную школу князя Міхаіла Агінскага ў Плунге.

Князь прапанаваў таленавітаму вучню паступіць у Варшаўскі музычны інстытут і даў стыпендыю, а пасля абароны дыплома падараваў піяніна. На гэтым інструменце Чурлёніс склаў сімфанічную паэму «У лесе», якая стала першым літоўскім сімфанічным творам. Пасля была вучоба ў Лейпцыгскай кансерваторыі, якая перарвалася з смерцю князя-дабрадзея ў 1902-м.

Чурлёніс едзе ў Варшаву вучыцца жывапісу, яго творы выстаўляліся ў Варшаве і Санкт-Пецярбурзе, атрымалі станоўчыя водгукі ў прэсе.

У студзені 1907 года ў Вільні ствараецца першая выстава літоўскага выяўленчага мастацтва, адным з ініцыятараў і ўдзельнікаў быў Чурлёніс. Гэта стала прычынай яго вяртання на радзіму. У Вільню ён вяртаецца прасякнуты ідэяй літоўскага нацыянальнага адраджэння. Кіруе хорам, многа малюе. Увогуле, за сваё нядоўгае 35-гадовае жыццё Чурлёніс стварыў больш за 300 палотнаў. Можна заўважыць выразнае падабенства яго творчай манеры да манераў Язэпа Драздовіча, Бялыніцкага-Бірулі. З ім, як і з іншымі беларускімі дзеячамі нашаніўскага перыяду Чурлёніс не мог не сустракацца ў Вільні на агульных імпрэзах дый проста на вуліцах.

Спалучэнне магутных музычнага і мастацкага талентаў дазваляла Чурлёнісу бачыць музыку ў жывапісе – ён пісаў алегарычныя палотны-“санаты”, поўныя сімвалізму.

У часе віленскага побыту Чурлёніс ажаніўся з Сафіяй Кімантайце, маладой літоўскай пісьменніцай.

Маці яе была родам з-пад Мінску, з вёскі Пятроўшчына. Цяпер гэта мікрараён беларускай сталіцы, дзе адна з вуліц між праспектам Дзяржынскага і чыгункай Мінск - Брэст названая імем Чурлёніса.

У 1910-м Чурлёніса напаткаў псіхічны зрыў. Ён стаў вынікам доўгай дэпрэсіі: мастака прыгнятала беднасць, адсутнасць перспектыў, аднадумцы “не дацягвалі” да яго ўзроўню складанага мастацтва, эксплуатуючы фальклорныя і пейзажныя тэмы. Увесну 1910-га мастак быў змешчаны ў Пустэльнікаўскую нервовую клініку пад Варшавай. Там ён памёр ад выпадковай прастуды 10 красавіка 1911 г. Пахаваны Мікалай Чурлёніс у Вільні на могілках Роса.

Пабачыць яго незвычайныя палотны можна ў Нацыянальным мастацкім музеі (Леніна, 20), дзе цяпер ідзе выстава твораў Чурлёніса з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея яго імя ў Каўнасе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?