Жыхар гораду Сяргей Аўчыннікаў быў затрыманы ўвечары 21 верасня, калі распаўсюджваў матэрыялы пра «Народны сход».

А 17:00 ён раздаваў улёткі на вуліцы 50 год УЛКСМ, каля ААТ «558 авіяцыйны рамонтны завод». Нечакана да яго падышоў чалавек і запатрабаваў адысці ад прадпрыемства і распаўсюджваць матэрыялы бліжэй да аўтобуснага прыпынку. «Праз некалькі хвілін, як я адышоў, з’явілася машына міліцыі, — кажа Сяргей Аўчыннікаў. — Супрацоўнік авіязавода, які мяне праганяў, махаў міліцыі рукамі, паказваючы ў мой бок».

Аўчыннікаў быў затрыманы і дастаўлены ў пастарунак. «Там не ведалі, што са мной рабіць, і званілі ў Брэст па кансультацыю, — згадвае затрыманы. — У вобласці ім назвалі артыкул 23.34 КААП пра парушэнне парадку арганізацыі правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання». Раніцай Аўчыннікаў быў дастаўлены з пастарунка ў суд, дзе яго пакаралі на 525 тысяч рублёў (15 базавых).

«Штраф мне прапанавалі заплаціць адразу, бо ў мяне былі з сабою 100 амерыканскіх долараў, — расказаў „ІР“ Сяргей Аўчыннікаў. — Я не пагадзіўся мяняць валюту і сказаў, што заплачу штраф пазней. Тады ў мяне да часу аплаты штрафу забралі далары, склалі на іх акт арышту грашовых сродкаў і перапісалі нумар купюры».

Гэта першае затрыманне ў Баранавічах актывістаў, якія збіраюцца правесці ў нашым горадзе «Народны сход».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?