Яня Пачыцкая сёння на судзе па справе абвінавачаных у тэракце ў мінскім метро пацвердзіла, што бачыла невялікую тканевую сумку цёмна-сіняга колеру, якая была пры Канавалаве.

— Бываюць вялікія дарожныя, а гэта невялікая цёмна-сіняя тканкавая сумка, нятоўстая… — Яна не надта развяла рукі, каб паказаць памер: наўрад ці шырэй за сваю дзявочую грудную клетку. Вышыня — яшчэ меншая.

Максімум — сантыметраў 50 на 30. Прычым аб гэтым Яня заявіла не толькі ў зале суда, але і падчас папярэдняга следства. Гэтае паказанне разыходзіцца з апісаннем сумкі, якое раней гучала ў судзе.

Маўляў, сумка галоўнага абвінавачанага была вялікай і настолькі цяжкай, што Канавалаў не мог данесці яе да «Кастрычніцкай» без перадышкі. А на здымную кватэру Канавалаў і Кавалёў неслі яе ўдвух.

— Канавалаў пайшоў, вярнуўся прыкладна праз гадзіну, у прыўзнятым настроі, усміхаўся, жартаваў. Напярэдадні ён быў напружаны. Прынёс прадукты, спіртное, сказаў: «Усё, цяпер, можна адпачываць». Да гэтага ён не хацеў піць, казаў: «Давайце, потым, пасля пятай».

Яшчэ ён сказаў, што мне тэлефанавала мама. Я паставіла сімку ў яго тэлефон, які ён браў з сабой, мой разраджаецца.

Калі ўбачылі навіны аб выбуху, Канавалаў ўжо спаў. Мы абмяркоўвалі з Кавалёвым. Я казала, што гэта можа быць апазіцыя, але навошта ім падрываць метро? Я абуралася.

Абмяркоўвалі выбух і на наступны дзень. Хлопцы мне падтаквалі.

Я не вельмі хацела глядзець навіны, пераключала. Мы высоўвалі здагадкі, хто гэта можа быць. Увечары ў панядзелак мы з Канавалавым выходзілі ў краму, калі — не памятаю. У аўторак былі ў кватэры да затрымання. Было позна, Кавалёў спаў. Раздаўся званок у дзверы, Канавалаў паглядзеў у вочка, пачаў насіцца па кватэры,

быў збянтэжаны.
Супрацоўнікі міліцыі выбілі дзверы, было шмат дыму, аўтаматы. Дапыталі мяне ў гэтую ж ноч, каля гадзіны ночы.

Яна распавяла, што пасля затрымання была ў шоку.

— Мне было дрэнна, я не разумела, што адбываецца…

— Вам патлумачылі, чаму вас затрымалі?

— Патлумачылі, калі прывезлі ў МУС. Сказалі, што нас абвінавачваюць у тэрарызме… — патлумачыла сведка па справе.

— Колькі пасля затрымання вы яшчэ знаходзіліся на кватэры? — задаў пытанне абвінавачаны Кавалёў.

— Са мной размаўлялі каля паўгадзіны. Потым мяне адвезлі…

— У ГУБАЗ?

— Так.

— На які паверх?

— Я не ведаю, я ішла ўніз галавой.

— Нічога незвычайнага не заўважылі?

— -Чула, што Канавалаву стала дрэнна, што яму выклікалі хуткую дапамогу.

— А з вамі размаўлялі супрацоўнікі праваахоўных органаў без адвакатаў?

— Так.

Далей было пытанне ад адваката Кавалёва: «Чаму Яня, якая вучылася ў ВНУ, цяпер не студэнтка?»

— Мяне адлічылі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?