Саша Ханін — першы ў Беларусі мадэль-андрагін і, паводле яго сцверджання, першы хлопец, што ступіў на цнатлівы беларускі подыум высокім абцасам.

Яму 18 гадоў, і ў ягоным жыцці часам віруюць сапраўды альмадовараўскія жарсці. У інтэрв’ю Саша расказаў, на што гатовы дзеля славы, як да захапленняў сына ставіцца бацька — былы вайсковец, і што дапамагае хлопцу з дзявочай знешнасцю выжываць у жорсткіх умовах лідскіх каменных джунгляў.

Унісэкс панаваў у свеце моды ў 90-х, тады па подыумах шпацыравалі гераінавыя прынцэсы з хлапечымі фігурамі, кшталту шалёна папулярнай Кейт Мос, і бяскроўныя мужчыны са шчуплымі плячыма. Але сёння мода на бясполасць вярнулася новай і больш радыкальнай хваляй — з’яўленнем мадэляў-андрагінаў — мужчынападобных жанчын ці, што часцей, хлопцаў з дзявочай знешнасцю.

У іх шаўковая скура, доўгія валасы, яны дэманструюць жаночае адзенне разам з іншымі мадэлямі, таму трапіўшы пультам на Fashion TV, не адразу разгледзіш у прывабным тварыку ледзь заўважныя мужчынскія рысы.

Чаму мадэлі-андрагіны набылі такую папулярнасць?

Некаторыя дызайнеры кажуць, што адзенне сядзіць на іх лепш, чым на любой жанчыне: ніякіх грудзей, вельмі высокі рост, вузкія сцёгны. Ну і, вядома ж, відовішчнасць — жаночая прыгажосць у мужчынскім целе! Падзівіцеся, маўляў, на нечаканы выбрык прыроды.

«Нават Варламаў быў не ў курсе»

Саша Ханін, хлопчык-зорка з клубных фотаздымкаў, з’явіўся на сустрэчу ў лідскую кафэху ў сваім будзённым варыянце: апрануты ў шорты і майку, валасы, сабраныя ў хвост, пазногці больш доўгія, чым патрабуе жанр суровага мужчынскага манікюру, сонны і хутчэй дзіцячы, чым жаноцкі, твар.
«Я толькі ад касметолага, — паспяшаўся патлумачыць ён адразу пасля прывітання. — Вядома ж, я не ведаў пра гэтую моду на мадэляў-андрагінаў, я пачаў цікавіцца гэтым, калі пачаў мяняцца, — слова «мяняцца» ён прамаўляе з асаблівай значнасцю, як героі постапакаліптычнай фантастыкі гавораць пра жыццё да і пасля Выбуху. — Раней я быў каротка стрыжаным хлопчыкам і важыў 80 кілаграмаў, ляжаў на канапе ўвесь такі тоўсты, глядзеў музычныя каналы, дзе паказвалі прыгожых маладых людзей, і адчуваў агіду да сябе. Тады
я, што называецца, закрыў рот — найлепшая дыета, вельмі схуднеў, у мяне былі нават першыя стадыі анарэксіі. Пачаў тусіць у клубах, мяне пачалі заўважаць фатографы.
А на апошнім «Млыне моды» я выйшаў падчас паказу калекцыі Наталлі Ляхавец у сукенцы і на абцасах. Загадзя ніхто пра гэта не ведаў, нават Варламаў быў не ў курсе, таму ў многіх гэта выклікала бурную рэакцыю».

Грацыёзна рухацца на высачэзных шпільках выявілася для хлопца простай справай: «Нічога складанага. Хоць падчас паказу я трохі заблытаўся — падол сукенкі трапіў пад абцас. Вядома ж, карэктаваў сваю паходку, распытваў сябровак. Перад паказам тры дні калясіў па Брэсце на абцасах. Брэст мяне запомніў! У мясцовым клубе «Сіці» ўсе прымалі мяне за дзяўчыну, а ў краме «Карона» за мной хадзілі ахоўнікі і абмяркоўвалі па рацыі».

Пра самага зорнага андрагіна, якога сёння проста рвуць на часткі модныя дамы свету, югаслава Андрэя Пежыча, Саша гаворыць халаднавата: «Мне часта кажуць, што я пад яго кашу. Я ўвогуле пачуў пра яго зусім нядаўна. Так, у ягоным твары сапраўды бачная дзяўчына. Але фігура пакідае жадаць лепшага».

Саша расказаў, што неабходна, каб стаць мадэллю-андрагінам: «Многія кажуць: «Ну нафарбуй любога хлопца — вось табе і андрагін». Але ж трэба, каб ён быў падобны да жанчыны, а не да трансвестыта. І фігура павінная быць жаноцкая, худзюшчая. У мяне, напрыклад, зусім няма мускулаў, нават прэса няма, я проста пляскаты, як дошка. Увогуле сам у сабе я жаноцкасці не бачу. А людзі мяркуюць інакш. Прыходжу ў краму пасля начной гулянкі, непаголены, прадавачка звяртаецца да мяне «дзевушка», я кажу ёй: «Дзе вы бачылі дзяўчыну з такім галаском і з вусамі?»

«Дзяўчаты, хачу выпіць, хлебушка не дасцё?»

На пытанне, якія жаночыя рысы характару яму ўласцівыя, Саша адказвае няпэўна: «Я нават не ведаю, якія рысы характару ўвогуле ўласцівыя жанчынам. Напрыклад, жанчыны манерныя, але я — не, ды ўвогуле ненавіджу манерных хлопцаў. Калі нарадзіўся хлопцам, то паводзь сябе адпаведна.

Тое, што я занадта дагледжаны, — дык гэта метрасэксуальнасць. Але мне здаецца, што два разы на месяц манікюр, педыкюр, касметолаг — гэта няшмат, гэта тое, што неабходна кожнаму хлопцу».

У гэты момант да нашага століка падплывае падпіты лідчук зямлістага колеру: «Дзяўчаты, хачу выпіць, хлебушка не дасце? Я прысяду тут з вамі». «Мы занятыя», — адказвае Саша катэгарычным баском. Лідчук, адхіснуўшыся, сыходзіць прэч. Ханін працягвае: «Я лепш разумею жанчын, чым мужчын. У мяне шмат сябровак, якім магу ўсё давяраць. Быў найлепшы сябар — стыліст, але мы пасварыліся пасля таго, як я выйшаў на подыум на абцасах. Ён сказаў, што гэта трансвестызм, і я нічога не змог яму патлумачыць».

Бацька, былы вайсковец, таксама не адразу прыняў новы вобраз сына: «Былі скандалы, ён казаў: «Нашто табе доўгія пазногці, ты што, дзяўчына?» Але цяпер ён на маім баку.
Нават раіць знаёмым набыць часопіс з маёй фотасесіяй у жаночым адзенні. Нядаўна знайшоў сайты, дзе мяне абмяркоўваюць, спачатку быў, канечне, у шоку. А пасля зарэгістраваўся там і пачаў адказваць маім ненавіснікам. Ён толькі просіць размяжоўваць жыццё і мадэльную працу. Яму не падабаецца, калі я пры ім фарбуюся».

«Мяне проста пачалі закідваць камянямі»

Часам Саша з’яўляецца ў макіяжы і з распушчанымі валасамі на людзях, як сам тлумачыць, для самавыражэння і падтрымання вобразу: «Але, вядома ж, дома ў жаночай вопратцы я не расхаджваю і не кайфую ад гэтага. Гэта для трансвестытаў ці вычварэнцаў.
Мне цікава апрануцца ў жаночае там, дзе мяне ўбачаць — падчас здымак ці на подыуме, а проста так выйсці на вуліцу магу толькі дзеля прыколу, інакш няма сэнсу».

Але і гэтага хапіла для таго, каб незвычайная прыгажосць Ханіна была заўважаная ў Лідзе, праз што

па горадзе ён стараецца пешшу не перамяшчацца: «Тут цябе абзавуць як заўгодна, і педзікам, і багаценькім лахом, але калі ў спіну смерці жадаюць, гэта ўжо занадта. Быў выпадак, калі я ішоў з аднакласніцамі на возера, і мяне проста пачалі закідваць камянямі,
як малпы, якія пабачылі штосьці для іх новае. У Лідзе я выклікаю цікавасць, мае бацькі часам даведваюцца апошнія плёткі пра мяне ад калег па бізнэсе. У Мінску таксама бывае страшнавата, часам у метро які-небудзь лысы, збіты, апухлы глядзіць такім позіркам, што, здаецца, зараз выйдзе за табой і дасць па галаве. Я заўсёды на публіцы ў добрым настроі, усмешка ззяе на твары, добра апрануты, людзі ад гэтага шалеюць. У мяне ніякай нянавісці да грамадства няма, я люблю людзей, а ненавіснікі дадаюць мне папулярнасці, якая патрэбная мадэлі. Цяпер пайшоў у аўташколу, праз колькі месяцаў буду ездзіць на машыне, тады гэтая праблема вырашыцца. А 
што рабіць, да аховы мы пакуль не дараслі».

Затое ягоная дзяўчына, кажа Саша, не мае прэтэнзій да яго феміннага выгляду: «Мая дзяўчына — маскоўская зацятая тусоўшчыца. Да Мінска яна пакуль не даехала, але я часта бываю ў Маскве, тады і бачымся. Вядомая яна ў асноўным тым, што ёй 18 гадоў, а яна пры сваёй знешнасці і памеры грудзей яшчэ цнатліўка.

Ёй усе кажуць: «Як ты з такім жаноцкім сустракаешся, за касметыку біцца будзеце». Але я ж дома зусім не такі. Ёй падабаюцца салодкія хлопчыкі, так што мне пашанцавала».

«Крыві і трупаў я зусім не баюся»

Кар’ера мадэлі-андрагіна можа быць зорнай, але кароткай — пакуль твар ззяе юнацкай свежасцю. Як толькі хлопчык стане мужчынам, пяшчотная дзяўчынка ў ім ператворыцца ў пажылую млявую даму, якая будзе мала каму цікавая.

Саша прадбачыць такія перспектывы і марыць стаць пластычным хірургам, цяпер ён — студэнт гродзенскага меда.
Праўда, пра школу, якую толькі што скончыў, кажа як пра дарэмнае праседжванне зада, відаць, чакаючы ад студэнцтва большага: «Крыві і трупаў я зусім не баюся, наадварот, калі бачу на вуліцы нейкае здарэнне, адразу бягу глядзець, каму і што там развярнула».

Каб даўжэй захаваць юнацкую прывабнасць, Саша адмаўляецца ад шкодных звычак і радзей з’яўляецца ў любімых клубах: «Раней напіваліся з сябрамі да страты пульсу, але гэта кепска для твару. Нядаўна пазнаёміўся ў «Нэксце» з добрай цёткай, яна заўсёды цвярозая, хоць выглядае як п’яная, яна і нас з сяброўкай так навучыла — цяпер мы ходзім вясёлыя і задаволеныя без алкаголю».

Мадэлі-андрагіны, магчыма, для таго і выходзяць на подыум, каб уражваць і ў нейкім сэнсе дражніць эстэтычныя пачуцці гледачоў. Саша ўвагі да сябе не баіцца: «Дзеля здымкаў я гатовы на ўсё, на любыя, самыя трэшавыя вобразы, у мяне няма межаў».

Паглядзім, ці пойдуць беларускія модныя дызайнеры ўслед за сусветнымі куцюр’е ў сваёй любові да бясполых мадэляў і ці будзе запатрабаваны беларускі Пежыч на радзіме.

Фота Паліны Рабцавай, Вольгі Ромінай, а таксама з асабістага архіва Сашы Ханіна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?