Палітыкі й грамадзкія дзеячы камэнтуюць учынак Уладзіслава Міхайлава для "Тыгодніка паўшэхнага".

Аляксандар Мілінкевіч:

Прызнаньне ў супрацоўніцтве з КДБ — адважны крок. Хлопцу цяпер трэба дапамога калегаў, сваякоў, нас і Камітэту “Салідарнасьць”. Разумеем, што КДБісты — прафэсіяналы ў ламаньні лёсаў. Не лічу, што ён сваімі размовамі з КДБ зрабіў шмат шкоды Праграме Каліноўскага і яе ўдзельнікам. Мы ведаем, што спэцслужбы спрабуюць завэрбаваць маладых “Каліноўцаў”. Цікавіць іх мая дыскрэдытацыя, Камітэту рэпрэсаваных, дэмакратычнага руху ў Беларусі.

Мы перакананыя, што кожную спробу КДБ завэрбаваць маладых актывістаў трэба абнародаваць. У нашай сытуацыі гэта адзіны шанец стрымаць КДБ.

Праграма Каліноўскага, якая дае рэпрэсаваным мажлівасьць далейшай навукі, падрэсьліла недэмакратычнасьць рэжыму ў Беларусі. Для гэтага цэлы дзяржаўны апарат змагаецца з гэтымі студэнтамі: ачарняе іх на дзяржаўным тэлебачаньні, затрымлівае на мяжы, спрабуе зламіць. Гэты выклік, галоўным чынам для маладых людзей. Мусім гэта ўсьведамляць і ня мусім падавацца.

Васіль Палякоў, кіраўнік Гомельскай філіі АГП,

Уладзіслаў член нашай партыі. Перад выездам у Польшчу браў удзел у акцыях апазыцыі ў Гомелі. Расказаў тады аб праблемах з КДБ. Сказаў, што зрабіў памылку, увязаўшыся ў кантакты з КДБ ды ходзячы на спатканьні. Вельмі ад гэтага перажываў. Мы разам распрацавалі спосаб як выйсьці з сытуацыі, ня памятаю. Ня памятаю, ці радзілі яму напісаць ліст у пракуратуру, а потым адмовіліся. Магчыма, падумалі, што гэта рызыкоўна, і потым прапанавалі пачакаць. Напэўна, сказалі яму, каб спыніў тыя спатканьні. Толькі афіцыйная позва, на якой напісана, у якой справе чалавек выклікаецца, можа быць падставай для такіх размоваў.

Бо выклікаць людзей можа ў нейкай справе сьледзтва, а тут ніякага сьледзтва не вялося, таму, здаецца, гэта быў добры спосаб спыніць кантакты.

Думаю, што так уласныя справы пахіснуліся. Калі зьявіліся праблемы ва Ўладзя на вучобе, дапамаглі як маглі — каб скарыстаў з праграмы Каліноўскага.

Цяжка камэнтаваць тое, што новае для мяне, інфармацыю пра далейшую супрацу. Ня ведаю пра яе. Нічога падазронага ў ім не заўважыў. Ягонае супрацоўніцтва не прынесла ані мне, ані нашай арганізацыі ніякага клопату. Мы партыя легальная, і ніякая інфармацыя аб нашай дзейнасьці не магла нам нашкодзіць.

Калі Ўладзіслава мучыла сумленьне, што пераказаў КДБ якую інфармацыю пра сяброў, у тым ліку і пра мяне, і ён захацеў пакаяцца, гэта яго справа. Я да яго ніякіх прэтэнзій ня маю. Але ён павінен быць шчырым.

Андрэй Гнатаў, дзеяч антыкучмаўскай апазыцыі ва Ўкраіне,

Улад папрасіў мяне даць рэкамэндацыю на стыпэндыю Каліноўскага. Я ведаў ягоную апазыцыйную інтэрнэт-старонку і ацаніў яе добра. Рэкамэндацыю ён атрымаў.

Улад быў вельмі малады, калі пайшоў на супрацоўніцтва з КДБ, яму было толькі 19 год. Як апазыцыянер ён быў актыўны. Рабіў важныя рэчы. І гэта нармальна, што спэцслужбы ім зацікавіліся. Украіну за часамі Кучмы нельга параўнаць з сучасным беларускім рэжымам. У параўнаньні зь Беларусьсю мы мелі дэмакратыю. У Беларусі іншая сытуацыя. Для маладога чалавека, зь сям’і, якая слаба арыентуецца ў сучаснай сытуацыі, шантаж спэцслужбаў здаваўся грозным.

Уладзь спадзяецца, што тое, што ён паведаміў публічна, дапаможа іншым людзям, якія перажываюць такі ж стрэс. Пахвальна, што ён захацеў паінфармаваць мэдыі і пакінуць запіс на сваёй інтэрнэт-старонцы.

Ян Маліцкі, дырэктар Стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага і «Studium Europy Wschodniej» у Варшаўскім унівэрсытэце,

Калі ўсё гэта праўда, мяне агортваюць і смутак, і радасьць. Чаму я адчуваю смутак, мне ня трэба тлумачыць (хаця трэба таксама сказаць, што для кожнага, хто займаецца Ўсходам, такія рэчы ня могуць быць нечаканасьцю...). А радасьць адчуваю, бо можа быць гэта неадольная сіла свабоды і прага яе пакаштаваць аказаліся нагэтулькі моцнымі, што студэнт, які да гэтага часу даносіў у КДБ, жывучы ўжо ў вольнай, дэмакратычнай краіне і вучачыся ў цудоўным унівэрсытэце, адважыўся на такое прызнаньне. Калі гэта ўсё праўда...

Урад Польшчы прапанаваў у межах Праграмы цудоўныя ўмовы: бясплатнае навучаньне, паступленьне без іспытаў нават на найлепшыя спэцыяльнасьці, выдатныя стыпэндыі, кнігі і навуковае кіраўніцтва. І што важна: працу, дапамогу і зычлівасьць сапраўды вялікай колькасьці людзей. Я мог шмат разоў гэта канстатаваць, бо маёй задачай была арганізацыя ўсёй праграмы, а пасьля я сачыў за яе рэалізацыяй. Нягледзячы на тое, што кажуць урадавыя СМІ ў Беларусі, гэта адукацыйная праграма, што мае на мэце адукацыю маладых людзей, а прычынай яе ўзьнікненьня была шляхетная мэта дапамагчы тым, хто ня мог навучацца ў сваёй краіне.

Цяпер, калі стыпэндыяты зь Беларусі ўжо знаходзяцца ў польскіх унівэрсытэтах, усё ў іх руках. Але толькі вучоба і толькі сур’ёзная праца прывядуць іх да атрыманьня дыплёмаў польскіх і эўрапейскіх унівэрсытэтаў. Гэтыя дыплёмы і атрыманыя кампэтэнцыі – гэта іх будучыня. Я жадаю выказаць удзячнасьць рэктарам і супрацоўнікам усіх унівэрсытэтаў, якія прынялі і ўзялі на сябе клопат пра стыпэндыятаў Праграмы імя Кастуся Каліноўскага.

Пётра Немчык, адзін з заснавальнікаў Службы аховы дзяржавы, што ўзьнікла замест Службы бясьпекі ПНР, аналяга беларускага КДБ

Мяне зьдзіўляе, чаму КДБ не імкнуўся ўскладніць хлопцу выезд у Польшчу. Хутчэй у такіх выпадках канфідэнта абавязваюць захоўваць таямніцу і дадаткова запалохваюць. Кажуць, што калі нешта прабалбоча за мяжой, дык даведаюцца пра гэта і сям’ю на радзіме будуць чакаць праблемы. У іншым выпадку КДБ павінен быў прыцягнуць яго да супрацоўніцтва на тэрыторыі Польшчы. Забавязаць даносіць на сяброў. Бракуе элемэнту ўтрымліваньня яго на павадку. Гэты юнак увогуле дрэнная асоба да вэрбаваньня. Ён здаецца чалавекам, які любіць быць у цэнтры зацікаўленасьці, аднак ён таксама не ўпэўнены ў сабе. Пра гэта сьведчыць ягоная спроба гульні з КДБ. Ці КДБ мог не адчуць, які гэта тып характару? Што калі гэтаму юнаку нешта не спадабаецца, дык ён хутчэй не адмовіцца супрацоўнічаць, а зробіць з гэтага афёру. Такіх людзей звычайна не вэрбуюць. Гэта не азначае, што я ня веру ў гэтую вэрбоўку і праўдзівасьць усіх гэтых фактаў. Бясьпека Польскай Народнай Рэспублікі падобным чынам вэрбавала людзей. КДБ хіба што адразу лічыў, што гэта не каштоўны агент. Таму зь ім сустракаліся у парку, а не ў кансьпіратыўным памяшканьні. Аднак аб працэдуры вэрбоўкі хлопец, відаць, ня кажа ўсёй праўды.

Гэтая публікацыя можа нават усьцешыць беларускія службы. Будзе папярэджаньнем, чым сканчаецца апазыцыйная дзейнасьць. Асабліва калі вынесуць на публіку матэрыялы, што кампрамэтуюць гэтага студэнта. Таксама можа быць так, што КДБ даведаўся (з праслухоўваньня альбо з размоваў зь іншымі стыпэндыятамі), што пад пагрозай знаходзіцца важны агент. Шум вакол гэтага хлопца можа адхіліць увагу ад некага іншага. Наш герой неабавязкова мусіць быць усё яшчэ пад уплывам КДБ. Ён прадбачны і яго хіба што лёгка раскусіць. Можа, дастаткова было правесьці зь ім некалькі размоваў, каб падсунуць яму такую ідэю. Можа, КДБ лічыў, што хлопца завэрбуюць польскія службы. Тады б у іх быў двайны агент.

Пры ўсіх гэтых агаворках я лічу, што публікацыя слушная. Яна паказвае, што рацыя на баку апазыцыі. Па‑другое, вэрбоўка -- гэта драма і цяжка ў гэтым прызнавацца. Можа, гэтае прызнаньне пакажа іншым, што нашмат большым злом ёсьць далейшае супрацоўніцтва, чым пакаяньне перад сябрамі.

Генрык Вуец, былы дзеяч Камітэту Абароны Рабочых (КАР) i дэмакратычнай апазыцыі

Канеяне, у нас няма пэўнасьці, што гаворка не ідзе тут пра нейкую правакацыю ці звычайную прыдумку. Але паколькі мы гэтага ня ведаем, дык трэба зыходзіць з прынцыпу добрай волі і неабходнасьці дапамагаць людзям. Гэта малады чалавек, і ён можа яшчэ выблытацца з гэтага. Шмат каму гэта ўдавалася. Добра, што ён паведамляе пра гэта публічна.

Перадусім у яго гісторыі, відаць, шмат лёгкадумнасьці, а, можа, нават і спробаў перахітрыць КДБ. Такія спробы заўсёды сканчаліся паразай. Я ня пэўны, ці не спрабуе гэты хлопец пераменшыць сваю ролю ў гэтым супрацоўніцтве.

Сам мэханізм вэрбаваньня і ўблытваньня падобны да таго, што мы мелі ў Польшчы ў 70‑я і 80‑я гг. Функцыянэры службаў Польскай Народнай Рэспублікі таксама шукалі кантактаў пад выглядам, напрыклад, барацьбы з карупцыяй, заклапочанасьці дзяржавы пра барацьбу са злоўжываньнямі. У часы КАР мы мелі выпрацаваны мэханізм. Трэба было тэлефанаваць дахаты Яцку Кураню (адзін з заснавальнікаў КАР) i рабіць справаздачу па тэлефоне (тэлефон праслухоўваўся), паінфармаваць грамадзкую думку па мэтады дзеяньня СБ. Такія сьведчаньні былі падставай для Камунікатаў КАР. Яны даходзілі на Захад, да радыё "Свабодная Эўропа", якое было чуваць у краіне. Рэкамэндавалася адмаўляцца ад любых кантактаў з СБ, рэагаваць толькі на афіцыйныя выклікі. Кантакты з службамі звычайна гэтым ня сканчваліся, бо СБ рабілася ўсё больш нахабнай. У аддзеным выпадку, напэўна, КДБ таксама ня дасьць яму адразу на сябе забыцца.

Былі выпадкі, што людзі зноў ламіліся і пасьля зноў раскрывалі кантакты з СБ. Але калі апісаны вышэй мэтад прымяняць пасьлядоўна, дык ён прынясе карысьць. Галоснасьць дзейнічае на службы, як сьвятая вада на д’ябла.

* * *

Даведка: «Тыгоднік паўшэхны» (Tygodnik powszechny) – штотыднёвая газэта, арыентаваная пераважна на каталіцкую інтэлігенцыю. Выдавалася як незалежнае каталіцкае выданьне нават у часы сацыялістычнай Польшчы.

Яна суправадзіла гэтае інтэрвію наступным камэнтаром: «Уладзіслаў Міхайлаў, дваццацігадовы дзеяч беларускай апазыцыі, удзельнік заснаванай польскім урадам стыпэндыяльнай праграмы імя Каліноўскага, вырашыў распавесьці пра супрацоўніцтва зь беларускім КДБ. Як сьцьвярджае, сам ён ня быў у стане даць сабе рады з тым, куды ўблытаўся, яму не давалі спакою пакуты сумленьня і званкі супрацоўнікаў беларускіх службаў. У Польшчы ён адчуў сябе бясьпечна i набраўся сьмеласьці, каб прызнацца ў супрацоўніцтве.

Магчымыя і іншыя матывы ягоных паводзінаў. Бярэм іх пад увагу, пытаемся экспэртаў і рызыкуем. Закладаем добрую волю нашага суразмоўцы і тое, што мы маем справу не з функцыянэрам сыстэмы, а зь яго ахвярай. Ахвярай, бясспрэчна, лёгкадумнай.

Мы праверылі: Міхайлаў ёсьць добрым студэнтам і актывістам, якога цэняць у Гомелі. Ягоныя знаёмыя таксама кажуць, што да пэўнага моманту ён прызнаваўся ім у кантактах з службамі. Калі ягоны расповед праўдзівы, ён азначае перамогу дэмакратыі над рэжымам і пацьвярджае патрэбу заангажаваньня Польшчы ў працэс дэмакратызацыі постсавецкіх краінаў. Стыпэндыяльная праграма імя Каліноўскага зьяўляецца прыкладам такога заангажаваньня, мы спадзяемся, што такім прыкладам зьяўляюцца таксама публікацыі «Tygodnika Powszechnego».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?