Легендарная спявачка з Каба-Вэрдэ Сезарыя Эвара абвясціла пра завяршэнне музычнай кар’еры. Пра гэта паведамляе Agence France Presse са спасылкай на гуказапісвальную кампанію Lusafrica, якая выпускае альбомы спявачкі.

Як адзначаецца ў заяве лэйбла, нядаўна 70-гадовая выканаўца прыбыла ў Парыж, каб даць серыю канцэртаў у Францыі. Аднак Эвара была «настолькі слабая», што ў выніку прыняла рашэнне адмяніць усе канцэрты і спыніць заняткі музыкай.

За апошнія гады Сэзарыя Эвара неаднаразова зведвала праблемы са здароўем.

У 2008 годзе спявачка перанесла інсульт пасля канцэрту ў Мельбурне. У маі 2010 года ёй была зробленая аперацыя на сэрцы ў Парыжы, пасля чаго выканаўцы прыйшлося адмяніць усе выступы да канца года. 11 сакавіка 2011 года Сэзарыя спявала ў Мінску, прэзэнтуючы альбом «Nha Sentimento».

Сэзарыя Эвара, празваная сваімі прыхільнікамі «Басаногая дзіва», з’яўляецца адной з самых вядомых у свеце выканаўцаў песень жанру «морна», які зарадзіўся ў Каба-Вэрдэ.

За гады сваёй кар’еры спявачка выпусціла 12 студыйных альбомаў. Апошні сольны альбом Эвары «Nha Sentimento» датуецца кастрычнікам 2009 года.

У лістападзе 2010 года выйшла пласцінка «Cesaria Evora & …», зборнік дуэтаў Эвары з Адрыянам Чэлентанам, Горанам Брэгавічам, Кампаем Сэгундам ды іншымі выканаўцамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?