Украіна ў канцы верасня можа падпісаць з амерыканскімі ExxonMobil і Halliburton, італьянскай Eni і французскай Total пагадненні аб здабычы ў краіне нетрадыцыйнага газу; агульная сума інвестыцый заходніх кампаній можа скласці да аднаго мільярда даляраў,
піша газета «Камерсант-Украіна».

Чакаецца, што пагадненні будуць падпісаныя 29 верасня ў Кіеве падчас міжнароднай канферэнцыі «Украіна-ЕС: шлях да адзінай энергетычнай прасторы».

Высокапастаўленая крыніца «Камерсанта» ў Міністэрстве энергетыкі і вугальнай прамысловасці Украіны паведаміла, што, у прыватнасці, ExxonMobil гатовая здабываць сланцавы газ адкрытым метадам са сланцавых пяскоў, а Eni і Total зацікаўленыя ў радовішчах са складанымі ўмовамі. Падобны праект рэалізуе Shell — кампанія дамовілася з «Укргазздабычай» пра сумесную распрацоўку газавых радовішчаў Дняпроўска-Данецкага нафтагазаноснага басейна.

У Мінэнерга разлічваюць, што агульны аб’ём інвестыцый ExxonMobil, Eni і Total ва ўсе праекты на першым этапе дасягне аднаго мільярда даляраў.

«Мы спадзяемся, што гэта дасць магчымасць нарасціць здабычу газу ў краіне мінімум на траціну (на 7–8 мільярдаў кубаметраў) ужо праз два-тры гады», — сказала выданню крыніца ў Мінэнерга.

Цяпер Украіна самастойна здабывае каля 20 мільярдаў кубаметраў газу на сваёй тэрыторыі, а парадку 30–40 мільярдаў кубаметраў закупляе ў Расіі (у 2010 годзе — 40 мільярдаў кубаметраў).

Эксперты лічаць, што інфармацыя пра хуткае падпісанне пагадненняў з заходнімі кампаніямі з’яўляецца элементам ціску на Расію з мэтай дамагчыся ад яе перагляду цаны на газ, якую афіцыйны Кіеў лічыць несправядлівай.
У суботу, 24 верасня, прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч наведае Маскву, дзе яшчэ раз абмяркуе з расійскім кіраўніцтвам газавую праблему.

«Інфармацыя пра тое, што пагадненні будуць падпісаныя, нездарма з’явілася напярэдадні візіту прэзідэнта Віктара Януковіча ў Маскву для перамоваў аб цане прыроднага газу. Чакаецца, што гэтыя перамовы будуць няпростымі», — сказаў чалец камітэта Вярхоўнай рады па ТЭК Аляксандр Гудыма.

«Дамовы з заходнімі кампаніямі сапраўды могуць быць падпісаныя, але, як паказвае досвед Shell, гэта зусім не значыць, што здабыча газу пачнецца так хутка, як разлічваюць у Мінэнерга. Таму хутчэй за ўсё іх падпісанне — гэта сапраўды элемент ціску на «Газпром», — адзначае начальнік аналітычнага аддзела інвесткампаніі «Брокеркрэдытсервіс» Максім Шэін.

Паводле кансерватыўных ацэнак, запасы сланцавага газу ва Украіне могуць складаць парадку 5 трлн кубаметраў. У краіне ёсць таксама метанавы газ, запасы якога яшчэ трэба будзе ацаніць.

Украінскае кіраўніцтва дамагаецца перагляду дзейнага газавага кантракту, падпісанага ў 2009 годзе за тагачасным прэм’ерам Юліяй Цімашэнка, якая цяпер у сувязі з гэтым знаходзіцца пад судом па абвінавачанні ў перавышэнні паўнамоцтваў. Адначасова афіцыйны Кіеў заяўляе пра намер знізіць закупкі расійскага паліва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?