Пяць актывістаў кампаніі «Наш дом» выйшлі 23 верасня да прыпынку грамадскага транспарту насупраць Магілёўскага гарвыканкама з жоўтымі і салатавымі лістамі каляровай паперы фармату А4. Ніякай інфармацыі на паперы не было, за выключэннем слоў «навошта пісаць, і так усё зразумела».

Прыкладна 20 хвілін маладыя людзі раздавалі аркушы паперы, ідучы па вуліцы Першамайскай, Камсамольскаму скверу, Зорнай плошчы і вуліцы Ленінскай. Усяго было раздадзена каля 200 аркушаў.

Як паведаміла ўдзельніца флэшмоба Крысціна Шацікава, мэта акцыі — «каб людзі прывыклі, што можна штосьці раздаваць».

«Як у старым савецкім анекдоце: чалавек раздаваў чыстыя лісты, і, калі яго затрымалі, ён сказаў, навошта штосьці пісаць, і так усё ясна, — сказала Шацікава. — Пастаянна трэба штосьці дарыць людзям, каб яны разумелі, што ёсць месца такім тонкім флэшмобам. Людзі павінны перастаць баяцца».

Цягам ўсёй акцыі супрацоўнікаў міліцыі заўважана не было, што выклікала некаторае засмучэнне яе ўдзельнікаў. «Акцыя прайшла паспяхова, але не зусім так, як мы хацелі.

Думалі штосьці падарыць нашым супрацоўнікам міліцыі, але не было ніводнага», —
адзначыла Шацікава.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?