Незалежныя кандыдаты Алесь Лагвінец ды Карэн Акопаў балятаваліся ў 27‑й Сухараўскай выбарчай акрузе. Іхнымі высілкамі было арганізаванае незалежнае назіраньне за выбарамі, якое ахапіла ўсе 11 выбарчых участкаў. Назіральнікі, сярод якіх быў і сп. Акопаў, адзначалі шматлікія парушэньні выбарчага заканадаўства. Вось толькі найбольш красамоўныя факты, зафіксаваныя падчас мясцовых выбараў у 27‑й акрузе.

На пачатку кампаніі колькасьць афіцыйна зарэгістраваных выбарцаў складала 20 808 чалавек. Паводле выніковых пратаколаў гэтая лічба склала 23 228 чалавек. Паказальна, што прырост» адбыўся за кошт тых участкаў, дзе ад сакавіка мінулага году практычна не адбывалася засяленьне новых дамоў.

Яшчэ ў лістападзе мінулага году сп. Лагвінец зьвяртаў увагу ЦВК, гарвыканкаму ды кіраўніка адміністрацыі Фрунзэнскага раёну на значна заніжаную колькасьць выбарцаў у Фрунзенскім раёне і асабліва ў Сухараўскай акрузе, аднак безвынікова. Сп. Акопаў мяркуе, што маніпуляцыі зь няўлічанымі выбарцамі маглі шырока практыкавацца падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Пра гэта ўскосна сьведчаць наступныя факты: на некаторых участках агульная колькасьць афіцыйна зарэгістраваных выбарцаў цалкам супадае з колькасьцю грамадзянаў, што прагаласавалі тут на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах.

Датэрмінова прагаласавала 45 % выбарцаў 27‑й акругі (амаль кожны другі выбарца), на 1‑м участку – 67 %.

Так лічылі галасы ў Сухараўскай акрузе

Блытаніна зь лічбамі ў выніковых пратаколах, зафіксаваная назіральнікамі на 9‑ці з 11‑ці ўчасткаў. Па выніках тых жа пратаколаў у Сухараўскай акрузе прынялі ўдзел 13166 чалавек, а выкарыстаных бюлетэняў налічылі 12 890 (што таксама адлюстравана ў пратаколах). Такім чынам няўлічанымі апынуліся 271 голас выбарцаў дадзенай акругі.

На 1‑м і 5‑м участках чальцы камісіі вусна пры сьведках паведамлялі колькасьць афіцыйна зарэгістраваных выбарцаў. У пратаколах, падпісаных старшынём і чальцамі камісіі, гэтыя лічбы значна розьніліся. Напрыклад на 5‑м участку «вусная»лічба склала 2807 чалавек, супраць 2270 «пратакольных» выбарцаў.

За Алеся Лагвінца па афіцыйных дадзеных прагаласавалі 654 чалавекі, пры тым, што за яго сабралі 951 подпіс.

Амаль на кожным участку колькасьць атрыманых бюлетэняў была меншай за колькасьць зарэгістраваных выбарцаў. На думку незалежных кандыдатаў, улады ад пачатку прагназавалі нізкую яўку грамадзянаў на выбары.

У мясцовым друку амаль не асьвятлялася тэма новай формы бюлетэняў, што, на думку К. Акопава, спрычынілася да зьяўленьня вялікай колькасьці несапраўдных і сапсаваных бюлетэняў.

14 студзеня на свой дзень народзінаў Алесь Лагвінец атрымаў ад калегі ў падарунак выбарчы бюлетэнь з «птушачкай» супраць свайго прозьвішча. Але на тым участку ў выніковым пратаколе зьнікненьне дакумэнта не адзначылі, і колькасьць выдадзеных бюлетэняў супала з колькасьцю выцягнутых са скрыні.

У часе гэтых выбараў А. Лагвінцу была вынесенае папярэджаньне за нібыта няправільную аплату выдаткаў на выраб агітацыйных матэрыялаў, хаця ён адмаўляе якія‑кольвек парушэньні са свайго боку, бо размова ішла пра ўлёткі Руху «за Свабоду». За гэта яго маглі зьняць з выбараў. Калі адказнасьць за распасюд гэтых улётак узяў на сябе Акопаў, то зь яго запатрабавалі тлумачэньні, але папярэджаньне ня вынесьлі.

Старшыні ўсіх участкаў акругі са спасылкай на закон адмовіліся пісьмова паведаміць пра колькасьць атрыманых бюлетэняў, агульную колькасьць грамадзянаў, унесеных у сьпісы выбарцаў, а таксама лічбы датэрміновага галасаваньня. На 2‑м выбарчым участку параілі зьвярнуцца ў вышэйшыя інстанцыі, спаслаўшыся на адсутнасьць такіх паўнамоцтваў. Пры гэтым незалежны кандыдат таксама кіраваўся законам – арт. 34 Канстытуцыі, які гарантуе права на атрыманьне інфармацыі, арт. 13 і 74 Выбарчага кодэксу, якія гарантуюць галоснасьць пры падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў і права кандыдатаў у дэпутаты на атрыманьне неабходнай інфармацыі.

Нават нязначная прысутнасьць незалежных назіральнікаў моцна нэрвуе ўлады. Прыклад назіраньня ў 27‑й акрузе сьведчыць, што недарэмна. К. Акопаў кажа: «Мала проста ўдзельнічаць у выбарах, ды потым паказальна зьняцца». Па яго словах, галоўнай задачай незалежнага грамадзтва факталягічна выяўляць сутнасьць улады, якая найбольш яскрава праяўляецца ў часе выбараў. А таму трэба працягваць працу да апошняга.

А. Лагвінец скіраваў у Цэнтарвыбаркам скаргу, аднак там яго перанакіравалі ў тэрытарыяльную ды акруговую камісіі, якія 15 студзеня не працавалі. Паводле закону на прыём скаргі адводзіцца наступны па выбарах дзень. Зараз ён рыхтуе адпаведны зварот у Пракуратуру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?