Беларусь пераглядае канцэпцыю энэргетычнай бясьпекі. "Нафтан", які можа забясьпечвацца нафтай з марскога тэрміналу ў Вэнтспілсе, мае стаць яе ключавым элемэнтам. А.Лукашэнка акцэнтуе на скарачэньні бюджэтных выдаткаў, нарошчваньні прытоку замежных інвэстыцый у краіну, узмацненьні ролі прыватнага бізнэсу ў эканоміцы. І патрабуе ад Расеі аплаты за зямлю пад нафта- і газаправодамі.

"ААТ "Нафтан" павінна стаць ключавым прадпрыемствам у пытаньні забесьпячэньня энэргетычнай бясьпекі Беларусі”. Аб гэтым заявіў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па пытаньнях функцыянаваньня эканомікі ва ўмовах росту цэнаў на расейскія энэрганосьбіты.

Паводле словаў А.Лукашэнкі, “асноўная задача заключаецца ў тым, каб "Нафтан" стаў прывабным для нафтаздабыўных кампаній і яны самі імкнуліся да супрацоўніцтва з "Нафтанам". Для гэтага трэба выкарыстаць у комплексе такія фактары, як глыбіня перапрацоўкі нафты, унікальнасьць і якасьць атрыманых прадуктаў, альтэрнатыўнасьць крыніц сыравіны і эфэктыўнасьць работы ўсіх падразьдзяленьняў і вытворчасьцей”.

Схаваная ў сярэдзіне гэтага сьпісу “альтэрнатыўнасьць крыніцаў” насамрэч галоўная ў ім. Чаму “Нафтан”? Бо ёсьць магчымасьць за мінімальны тэрмін арганізаваць пастаўкі нафты на завод з марскога тэрміналу ў Вэнтспілсе.

“Цалкам рэальна і сёньня мы абмяркоўваем ужо такую магчымасьць”, -- далажыў у Наваполацку віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, адказны за паліўна-энэргетычны комплекс. “Інтэрфакс” паведамляе пра словы У.Сямашкі, што ўжо праведзеныя папярэднія перамовы з прадстаўнікамі швайцарска-ангельскай кампаніі “Вітола” па магчымасьці рэалізацыі праекту, зьвязанага з пастаўкамі нафты з Вэнтспілсу ў Наваполацак. Зь беларускага боку затраты на мадэрнізацыю нафтаправоду складуць $ 15-30 млн. Аднак у Вэнтспілсе замежнай кампаніі прыйшлося б будаваць новыя тэрміналы.

На думку У.Сямашкі, тым жа шляхам пасьля дабудовы некалькіх перамычак можна будзе пампаваць нафту й на Мазырскі завод.

Віцэ-прэм’ер мяркуе, што пэрспэктывы нафтаправоду Адэса-Броды застаюцца “туманнымі” з прычыны адсутнасьці вольных запасаў нафты ў Касьпійскім рэгіёне.

Гаворка на нарадзе ішла і пра расейскі вэктар паставак. А.Лукашэнка абвяргаў У.Пуціна і патрабаваў ад ураду выставіць Расеі новыя рахункі за транзыт: "Расія павінна заплаціць за паслугі, што аказваюцца ёй у Беларусі”, -- цытуе яго БелТА.

Паводле яго слоў, у сувязі са зьмяненнем умоў паставак расейскіх газу і нафты Беларусь у 2007 годзе страчвае $3,5 млрд. А.Лукашэнка канстатаваў, што “ўсе дамоўленасьці па нафце і газе нявыгадныя для нас проці мінулага году”. Паводле ягоных словаў, Беларусі сёлета давядзецца павялічыць аплату паставак газу на $2,5 млрд, а за нафту – на $1 млрд. Гэта трохі нечаканыя лічбы. Эканамісты ацэньвалі імаверныя страты Беларусі ад павышэньня цаны газу на 400 млн даляраў (надбаўка цаны мінус надбаўка аплаты за транзыт мінус першая транша платы за “Белтрансгаз”), а на нафце – ад 0,5 да 2,7 млрд у залежнасьці ад спосабу ападаткаваньня рээкспарту нафтапрадуктаў.

“Гэта 3,5 млрд даляраў, а ня тыя 5 млрд, ня тыя эфэмерныя лічбы, пра якія казаў прэзыдэнт Расеі, – адзначыў А.Лукашэнка. -- Таму мы павінны прапанаваць Расіі на прынцыпах міжнароднага права таксама заплаціць нам за зямлю пад трубаправодам, за транспарціроўку нафты і іншыя паслугі. Але рабіць гэта трэба спакойна, не зацягваючы да канца году перагаворны працэс. Мы не павінны страціць гэтыя $3,5 млрд", -- сказаў ён. Што ў перакладзе азначае: новыя рахункі мусяць быць выстаўленыя неадкладна.

А.Лукашэнка лічыць неабходным выбудоўваньне адносін з Расеяй на сусьветных прынцыпах: "Мы павінны мець сваю выгаду. Сёньня Беларусь купляе нафту ў Расеі па сусьветных цэнах".

Ён таксама канстатаваў, што пакуль у Беларусі няма альтэрнатыўных Расіі крыніцаў паставак нафты, "а калі і ёсьць, то мы іх дастаткова не прапрацавалі". "Калі нехта з расейскіх нафтаздабыўных кампаній ня хоча працаваць зь Беларусьсю, мы павінны ўзяць зь іх больш высокую цану за транспарціроўку іх нафты ў Эўропу", -- заявіў А.Лукашэнка.

Пры гэтым ён абрынуў крытыку на ўрад: “Злачынства складаецца з таго, што Сідорскі і Сямашка раньш куплялі нафту даражэй. На 60--80 даляраў – гэта кепска, і мы павінны гэта прызнаць”. Ён таксама запатрабаваў поўнае адмовы ад давальцавае схемы працы. “Я і вам, і ўраду сказаў: ніякіх давальцаў. Вы павінны купіць нафту -- і да пабачэньня. Расея, Вэнэсуэла, Іран -- як там будзе... Дзякуй, да пабачэньня! З Расеяй мы на гэтым і настойваем”.

Ураду ён параіў “ змагацца, а ня “склейваць ласты і крычаць ратуйце”. “Расея ад Госпада Бога мае свой рэсурс – сыравіну. Нам Госпад Бог ня даў гэтага рэсурсу. Але даў іншы стратэгічны рэсурс – геаграфічнае, геапалітычнае становішча. І мы мусім яго скарыстаць, як скарыстоўвае свой рэсурс Расея”.

“Пытаньняў шмат, але я хацеў бы зьехаць адсюль, ведаючы, што наш сувэрэнітэт непарушны”, -- заявіў А.Лукашэнка. -- “Мы павінны за гэта змагацца, хай то будзе “халодная” або “гарачая” вайна”.

Апошняе было, вядома, патэтыкай. У сухой жа рэшце ўпершыню краіна пачула ад кіраўніка дзяржавы канкрэтныя схемы дывэрсіфікацыі крыніцаў паставак энэрганосьбітаў у Беларусь. Яны грунтуюцца на ідэях выкарыстоўваць геапалітычнае становішча Беларусі ў якасьці стратэгічнага рэсурсу, павышаць плату за транзыт і выбудаваць ланцуг нафтаправодаў між балтыйскімі і чарнаморскімі партамі. Упершыню гэтыя ідэі былі прапанаваныя Народным Фронтам на пачатку 90-х. Сёньня гэтыя праекты выглядаюць рэалістычнымі. Шанцы на іх пасьпяховую рэалізацыю павысяцца яшчэ больш пасьля дабудовы нафтаправодаў з Касьпію да Чорнага мора і з Адэсы да Бродаў і далей да Плоцку. Праўда, іх рэалізацыя калі й распачнецца, то надта позна.

Каб кампэнсаваць гэтае адставаньне, на нарадзе прапаноўваліся ўсялякія часовыя меры, як то Дырэктыва №3 пра эканомію рэсурсаў і ашчаднасьць, перавод 60% камунальнага цеплазабесьпячэньня на мясцовыя віды паліва, загад фэрмам выкарыстоўваць толькі дровы й торф.

У цэлым гэтым разам гаворка ішла пра сур'ёзны паварот у курсе краіны. Як падкрэсьлівае БелТА, А.Лукашэнка на нарадзе "акцэнтаваў на скарачэньні бюджэтных выдаткаў, нарошчваньні прытоку замежных інвэстыцый у краіну, узмацненьні ролі прыватнага бізнэсу ў эканоміцы".

Пачакаем рэакцыі Расеі. Яна будзе – сумневаў няма. І найхутчэй што ня толькі эканамічная, але і палітычная. Тым больш што пасьля падпісаньня пагадненьняў аб продажы "Белтрансгазу" і тарыфах на транзыт нафты й газу рукі ў Крамля разьвязаныя.

Фота з сайту photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?