Ад панядзелку ў праграмны пакет этэрнага тэлебачаньня «Космос ТВ» уключана тэлепраграма «НТВ‑Беларусь». Яна трансьлюецца заміж каналу «Наше кино». Зьмены ў праграмным пакеце «Космос ТВ» адбыліся ў адпаведнасьці з распараджэньнем Міністэрства інфармацыі. Рэтрансьляцыя каналу «НТВ‑Беларусь» абавязковая для ўсіх апэратараў шматканальнага тэлебачаньня на тэрыторыі Беларусі. Кабэльнае тэлебачаньне ўключыла ў праграмны пакет гэты канал ад 1 студзеня. Пры канцы году з сетак кабельнага тэлебачаньня быў выдалены кнаал навінаў CNN – з‑за нізкага рэйтынгу.

«Аўдыторыя A-One гэта маладыя людзі, якія самі прывыклі рабіць свой выбар, яны свабодныя ў жыцьцёвым самавызначэньні, самавыражэньні. Асноўная ўзроставая катэгорыя ад 12 да 28 гадоў».
з прэзэнтацыі каналу

Адначасова са зьяўленьнем новай тэлепраграмы адбылася замена аднаго з дзіцячых каналаў у пашыраным пакеце праграмаў. Міністэрства інфармацыі адклікала ўзгадненьне на вяшчаньне дзіцячага каналу «Nickelodeon». Яго зьменіць канал «Jetix». У кампаніі «Космос ТВ» кажуць, што пра прычыны зьмены ім не паведамілі, але распараджэньне міністэрства выканалі. Нічога канкрэтнага не паведамілі і ў Міністэрстве інфармацыі. Намесьніца начальніка ўпраўленьня электронных СМІ Міністэрства інфармацыі Ніна Раеўская параіла карэспандэнту «НН» спытаць у знаёмых зь дзецьмі, ці жадаюць тыя мець у сябе канал «Nickelodeon», а потым затэлефанаваць ёй.

Інфармацыя пра магчымыя зьмены ў праграмных пакетах зьявілася амаль два тыдні таму на форуме сайту «Космос ТВ». Ананімная мэнэджэрка каналу выказала думку, што гэта пачатак «чысткі» дзіцячых і ня толькі тэлеканалаў. Нагодай для гэтага, на яе думку, маглі стаць лісты нібыта абураных гледачоў.

Сярод іншага яна паведаміла, Менгарвыканкам ня даў ўзгадненьня на вяшчаньне музычнага тэлеканалу «А‑One», зь якім ужо заключаная дамова аб вяшчаньні. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў начальнік упраўленьня ідэалягічнай работы Менгарвыканкаму Генадзь Курбека:«Нам не спадабалася тое, што трансьлюе гэты канал, тым больш музычных тэлепраграмаў у нас не бракуе». Па яго словах у «Космас ТВ» зьбіраюцца зьвярнуцца ў Рэспубліканскую экспэртную камісію па прадухіленьні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці, якая мусіць ацаніць маральна‑этычныя вартасьці праграмаў каналу «А‑One». Калі камісія дасьць дабро, Менгарвыканкам адразу ж дазволіць яго трансляцыю, кажа сп. Курбека. Па яго словах, канал «Nickelodeon» таксама «не вучыў дзяцей чыстаму і сьветламу», таму яго й зьмянілі.

LJ-user oldmah пра «Nickelodeon»:
«У пошуках крамолы залез на іхны сайт. Чытаю апісаньні перадач. “Рамэа”. Хлопчык у бел-чырвона-белай шапачцы марыць стаць рэпэрам. Тут і думаць ня трэба – калі вырасьце абавязкова будзе чытаць Зянон-хоп. Адключаем!»

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец называе дзеяньні Міністэрства інфармацыі і Менгарвыканкаму цэнзурай. Па яго меркаваньні гэтыя структуры, як органы выканаўчай улады, не павінныя ўмешвацца ў такія справы, як фармаваньне праграмных пакетаў тэлекампаніяў. Тым больш, калі телекампанія ўжо мае дамову з праваўладальнікам аб трансляцыі каналу, як у выпадку з каналам «А‑One».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?