У аўторак у Грамадзкім прэс‑цэнтры Дома прэсы прайшоў круглы стол па праблемах супрацьдзеяньня гандлю людзьмі. Падчас пасяджэньня намесьнік начальніка упраўленьня па наркантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Сяргей Калтун паведаміў, што цяпер у судзе разглядаецца справа кіраўнікоў шэрагу беларускіх мадэльных агенцтваў.

Кіраўнікі 13 мадэльных агенцтваў, што праходзяць па справе ў якасьці абвінавачаных, уваходзілі ў склад міжнароднага злачыннага сындыкату. Паводле зьвестак сьледства, ягоныя ўдзельнікі прадалі ў іншыя краіны каля 600 беларускіх дзяўчат. Дзяўчаты траплялі ў Францыю, Турцыю, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Злачынную дзейнасьць арганізацыя вяла з 2000 па 2005 год.

«Актывізацыя дзейнасьці праваахоўчых органаў і больш жорсткае крымінальнае заканадаўства прымушаюць злачынцаў у гэтай сфэры перабудоўвацца, шукаць новыя больш дасканалыя, закансьпіраваныя формы гандлю», ‑ зазначыў прадстаўнік МУС. Напрыклад, пасьля ўвядзеньня больш жорсткага візавага рэжыму для ўезду на тэрыторыю краін ЭЗ, злачынныя арганізацыі для вывазу жанчын сталі выкарыстоўваць шлюбныя і мадэльныя агенцтвы.

Сярод іншых сучасных формаў гандлю людзьмі Сяргей Калтун назваў таксама аказаньне эскорт‑паслуг багатым грамадзянам. У гэтай сфэры злачынцы дзейнічаюць у кірунку Расеі і краін ЭЗ.

У якасьці прыкладу прадстаўнік МУС прывёў справу жыхаркі Менска, якая таксама разглядаецца цяпер у судзе. Пад прыкрыцьцём жанчына вывозіла ў Расею групы дзяўчат, які потым аказвалі інтымныя паслугі багатым бізнэсоўцам.

Ілюстрацыя з сайту amnesty-goettingen.de

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?