У трэці дзень разгляду справы сябра Беларускага гельсынскага камітэту Паўла Левінава судзьдзя Натальля Карабліна аб’явіла 20‑хвілінны перапынак ды ў залю Першамайскага суду больш не зьявілася.

Адседзеўшы яшчэ з паўгадзіны, удзельнікі адкрытага паседжаньня пачалі шукаць прадстаўніцу беларускай Тэміды, якая схавалася ў кабінэце старшыні суду Бясьсьмертнага. Памочніца старшыні Алена Цыганкова загадала прысутным пакінуць памяшканьне. Гэта выклікала вялікае абурэньне прысутных, якія хацелі дачакацца выраку. Тады памочніца выклікала міліцэйскі нарад, але ўдзельнікаў людзі з аўтаматамі не напалохалі.

На патрабаваньне выдаць кнігу заўвагаў і прапановаў прагучала катэгарычная адмова — маўляў, праца суду ўжо завершылася. Пачалі складаць калектыўную скаргу на імя старшыні суду і ў міністэрства юстыцыі, якую падпісалі 22 асобы — большасьць з застаўшыхся на той момант удзельнікаў працэсу.

Калі а палове восьмай вечара людзі пакідалі будынак, ахоўваць яго сабралася багата міліцыянтаў і нават невядомыя асобы ў цывільным. Па непацьверджаных зьвестках, Левінаў быццам атрымаў дзьве базавыя велічыні штрафу за дробнае хуліганства.

Левінава затрымалі за налепкі, якія заклікалі да байкоту выбараў. Але гэтыя налепкі не супярэчаць дзейнаму заканадаўству, таму яго абвінавацілі ў лаянцы. Гэткае абвінавачаньне сталася падставай для ўтрыманьня арганізатара выбарачнага назіраньня ў горадзе на працягу асноўнага дня галасаваньня ў ізалятары. Сам Левінаў назваў судовы працэс палітычным.

Алена Грынявіцкая, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0