Кіраўнік расейскага інстытуту праблемаў глябалізацыі Міхаіл Дзялягін раскрыў страшэнную змову супраць сваёй краіны. Аказваецца, Захад, каб нашкодзіць Расеі, ня спыніцца ні перад чым і нават гатовы ператварыць Беларусь у квітнеючую дзяржаву.
«На Захадзе высьпявае стратэгічны праект — ператварыць Беларусь у маленькую эўрапейскую Расеі, якая будзе аб’ектам зайздрасьці для ўсё больш бедных слаёў расейцаў», — выкрыў задуму русафобаў Дзялягін на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве. На ягоную думку, рашэньне пра павышэньне цаны на газ для Беларусі скіраванае на разбурэньне беларускай эканомікі і беларускага грамадзтва.
Пры гэтым палітоляг выказаў меркаваньне, што выгада Расеі ад нафтагазавага канфлікту — 1 мільярд даляраў — мізэрная. «Апроч таго, мы дужа пакрыўдзілі Беларусь: з братамі не ваююць», — рэзюмаваў Дзялягін.
Варта адзначыць, што апошнім часам актывізаваліся маскоўскія лабісты Аляксандра Лукашэнкі. З заявамі, аналягічнымі па сутнасьці дзялягінскім, выступілі яшчэ некалькі расейскіх палітолягаў.
Фота «Полярная Звезда»