Рамана Пратасевіча (у цэнтры) вядуць агенты ў цывільным. Фота euroradio.fm.

Рамана Пратасевіча (у цэнтры) вядуць агенты ў цывільным. Фота euroradio.fm.

У размове з журналістам «НН» жанчына сказала, што часткова інфармацыя, якая з’явілася ў інтэрнэце апошнімі днямі, непраўдзівая. Па яе словах, Рамана не адлічылі з Ліцэя БНТУ і яна не спрабавала зацягнуць падлетка на сеанс экзарцызму, каб «выгнаць д’яблаў».
А тэксты, якія Раман агучвае ў відэазваротах, лічыць загадзя кімсьці падрыхтаванымі.

Наталля Пратасевіч адзначыла, што канфлікт з сынам узнік перад маўклівай акцыяй 21 верасня. Раніцай яна з мужам адгаворвала сына ісці на яе. Па яе словах, справа нават не ў тым, што яна за кагосьці альбо супраць. А ў тым, што Раман яшчэ непаўналетні, ды і ўсе ведаюць, як людзі пры разгонах такіх акцый церпяць. Але Раман сказаў, што ў любым выпадку пойдзе.

«Тут палітыка ні пры чым»,

— сказала Наталля. Але адзначыла, што спачатку Раман павінен атрымаць адукацыю. А пасля ўжо сам зробіць свой выбар. «Усё павінна быць законна. Дзеці не павінна займацца палітыкай. Гэтым павінны займацца дарослыя».

Па словах жанчыны, дакументы сына з Ліцэя БНТУ бацькі забралі самі. У яго было папярэджанне за затрыманне падчас падобнай акцыі ў ліпені. Пасля таго як юнак пачаў агітаваць іншых навучэнцаў далучыцца да мерапрыемства ў сераду, дырэктарака навучальнай установы выклікала бацькоў. Калі тыя зразумелі, што не могуць паўплываць на сына, забралі дакументы з ліцэя. Наталля заўважыла, што дырэктарка нават не напісала адмоўнай характарыстыкі.

Са школы, у якую перавёўся Раман, бацькі таксама забралі дакументы. Бо яны, як выявілася, былі не да канца аформлены. Але дырэктар школы гатовы прыняць юнака назад, як толькі ўсе пытанні вырашацца.

Наталля Пратасевіч абвергла інфармацыю, што сын цяпер можа трапіць у сацыяльны прытулак.

Пра такую верагоднасць сёння заявіў Раман у чарговым відэазвароце. І заклікае Рамана вярнуцца дадому, дзе той не з’яўляецца чацвёра сутак. Яна кажа, што гатовая адправіць сына вучыцца ў ВНУ ў Польшчу, калі той так хоча. Але падкрэслівае, што толькі законным спосабам і пасля атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі.

Цяпер сітуацыяй з Раманам, як адзначыла яго маці, займаецца інспекцыя па справах непаўналетніх.

Наталля таксама абурана тым брудам, які выліваецца на інтэрнэт-форумах на яе сям’ю. Яна адзначыла, што ўсе абразы зафіксаваны і імі будуць займацца праваахоўныя органы.

Гісторыя з Раманам Пратасевічам разгарэлася ў канцы мінулага тыдня. 16-гадовы юнак заявіў, што сышоў з дому праз ідэйны канфлікт з бацькамі. А перад гэтым быў адлічаны з Ліцэя БНТУ за ўдзел у маўклівай акцыі пратэсту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?