Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка перадаў спачуванні сям’і былога дэпутата Вярхоўнага Савета Галіны Георгіеўны Сямдзянавай з прычыны яе смерці.

Такая інфармацыя павінна была б колькі дзён таму з’явіцца ў афіцыйных СМІ.

Але не з’явілася.

Пры тым, што

такое спачуванне сапраўды было Лукашэнкам выказана.

У пахаванні Галіны Сямдзянавай мяне вельмі здзівіла, што да яго арганізацыі спрычыніўся Мінгарсавет, а цырымонію развітання наведаў віцэ-спікер т.зв. «парламенту». У якой іншай краіне тое было б нормай, але не ў Беларусі, бо тут самая нявінная сімпатыя чыноўніка да апазіцыі будзе імгненна каштаваць яму кар’еры.

Але цяпер усё патлумачылася: віцэ-спікер прыйшоў, каб перадаць сям’і спачуванне ад Лукашэнкі.

Перад развагамі пра спачуванне і прычыны ягонага поўнага замоўчвання ў афіцыйных СМІ, колькі слоў пра пахаванне. Разумею далікатнасць гэтай тэмы, але адразу адмятаю магчымыя папрокі — у Польшчы месца пахавання Качыньскіх было прадметам дыскусій у прэсе адразу пасьля авіякатастрофы. Што нармальна, бо гаворка ідзе пра публічных асоб. Галіна Сямдзянава — фігура публічная і, цяпер ужо зразумела, гістарычная.

На пахаваньне Галіны Сямдзянавай прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек — акрамя родных і блізкіх, былыя калегі па дэпутацкай Апазіцыі БНФ 12 склікання, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Някляеў — і, здаецца, больш нікога з так званых вядомых асоб. І лічаныя адзінкі «невядомых».
Пахавалі Галіну Сямдзянаву на Паўночных могілках.

За некалькі дзён да гэтага ў Мінску развітацца з капітанам хакейнай зборнай прыйшло каля дзесяці тысяч чалавек, пахавалі яго на Усходніх могілках, на алеі, дзе знайшлі спачын выбітныя асобы нацыі — народныя пісьменнікі, народныя артысты, акадэмікі ды дзяржаўныя дзеячы.

Гібель хакеістаў выклікала ва ўсіх горкія пачуцці, вельмі шкада маладых жыццяў, спачуваеш іх жонкам і дзецям. Што да шматтысячнага развітання, дык зразумела, што ніхто людзей не заганяў, яны ішлі самі, і ў гэтым была любоў і павага да трагічна загіблага. Зразумела таксама, што ў любой краіне смерць вядомага спартоўца альбо эстраднай зоркі выклікае большы розгалас, чым пісьменніка альбо дзяржаўнага дзеяча (параўнайце рэакцыю на смерць Майкла Джэксана, Сэлінджэра і Эдварда Кенэдзі ў ЗША).

Але ўлада павінна трымаць дзяржаўныя прыярытэты.

Мне цяжка назваць краіну, дзе б спартовец, хай і вельмі знакаміты і заслужаны, быў бы пахаваны побач з выбітнымі пісьменнікамі, творцамі, навукоўцамі, дзяржаўнымі дзеячамі ўзроўню Васіля Быкава, Уладзіміра Каратевіча, Стэфаніі Станюты ці Міхася Ткачова. (Хаця б таму, што праз 15 гадоў будуць пытацца: « А хто гэта такі?». Сёння ў Мінску ўжо мала хто скажа, хто такая Галіна Сямдзянава, але праз 100 гадоў, калі Беларусь будзе існаваць як незалежная дзяржава, кожны школьнік назаве прозвішча дэпутаткі, якая першая ўнесла Бел-Чырвона-Белы сцяг у залю парламенту).
І дзе палітык, якая самым непасрэдным чынам спрычынілася да ўтварэння гэтай краіны, была б пахаваная ў іншым месцы (калі толькі на тое не была яе воля ці воля родных).

У Беларусі, такім чынам, дзяржаўны прыярытэт — што заўгодна, але не Незалежнасць.

Цяпер пра рэакцыю грамадства.

Тэма смерці Галіны Сямдзянавай на сайце Радыё Свабода ў лічаныя хвіліны ўзнялася на першае месца ў рэйтынгу найбольш чытаных матэрыялаў і трымалася там двое сутак — значыць, прачытала тэксты некалькі тысяч чалавек. На пахаванне прыйшлі адзінкі. Не самае лепшае параўнанне, але прыгадваюцца суды за 19 снежня. Сотні каментароў на сайце «Хартыі»: «За Саньнікава адкажыце!», «Скажыце, як і чым дапамагчы Вусу?», « Трымайся, Статкевіч, мы вызвалім цябе, хутка перамога!» І — паўпустыя залы на судовых працэсах (толькі блізкія, праваабаронцы і журналісты).

Ня будзе ніякай хуткай перамогі. А могуць быць — доўгія гады жыцця пры Лукашэнках (пакуль пры адным, потым — пры другім, а пазней і пры трэцім ). З зарплатай у 5 даляраў, як на Кубе, з засцярогай вымавіць што-небудзь «не тое», як у Іране, альбо можа нават і з неабходнасцю браць дазвол на наведванне сябра ў суседнім доме, як у Паўночнай Карэі (перасоўванне тысяч людзей 19 снежня праз мабільнікі ўжо фіксавалася, так што вопыт ў спецслужбаў ёсць).

Магчыма, шмат хто не пагодзіцца, але абапіраюся на ўласныя назіранні:

незадаволенасць узроўнем жыцця ў беларусаў ніколі не вылівалася ў станоўчыя палітычныя перамены, каўбасныя бунты ніколі не мянялі сістэму да лепшага, і толькі калі закранаўся нацыянальны гонар — дамагаліся лепшага
(параўнайце ў 1991 годзе стотысячны страйк, які скончыўся нічым, і жнівеньскія пратэсты, якія прывялі да Незалежнасці). Гонар жа не можа існаваць без павагі да ўласнай гісторыі.

Зараз — пра Лукашэнку.

Звычайна пра спачуванні кіраўніка дзяржавы паведамляе ягоная прэсавая служба. Я даведаўся пра гэта ад былога калегі па Апазіцыі БНФ, які быў на пахаванні. «Бачыш, нешта чалавечае ў Сашы ўсё ж засталося» — дадаў ён, і я не спрачаўся. Падобныя ацэнкі далі і іншыя, з кім давялося абмяркоўваць гэтую тэму. Здавалася б, інфармацыя пра спачуванне з прычыны смерці палітычнага апанента была б на карысць Лукашэнку. Але

замоўчванне сведчыць, што Лукашэнка якраз і баіцца выявіць публічна такія чалавечыя пачуцці, бо падначаленымі гэта адразу будзе ўспрынята як праява слабасці
, а там недалёка і да страты павагі. І, галоўнае, знікнення страху. Чым сканчаецца знікненне павагі і страху, Лукашэнка добра ведае па часе палітычнай маладосьці, на прыкладзе Гарбачова.
Добра засвоіў Лукашэнка і ўрок жніўня 91-га, калі Галіна Сямдзянава перакрыла шлях да мікрафона першаму сакратару ЦК Малафееву, дэпутаты сагналі яго з трыбуны — і праз хвіліны камуністычная парламенцкая большасць «здалася».

Ну і, канешне ж, недапушчальна і публічная згадка імёнаў апанентаў: іх не было, няма і не будзе (паказальна, што пра смерць Сямдзянавай не паведаміла ніводнае афіцыйнае СМІ — што яшчэ раз выяўляе іх цалкам прапагандысцкі характар).

У сучаснай Беларусі замоўчваецца ўсё, што мае дачыненне да абвяшчэння Незалежнасці ў 1991 годзе.
Увогуле, выцясненне з палітычнай арэны былых дэпутатаў Апазіцыі БНФ, якія маюць вопыт шматгадовай заканадаўчай дзейнасці, ды і ўвогуле вопыт «вялікай палітыкі» — тэма не артыкула, а цэлай кнігі, у якой «адмоўнымі персанажамі» могуць быць не толькі прадстаўнікі ўлады. Самі ж былыя дэпутаты ў Беларусі пастаўленыя на мяжу чыста фізічнага выжывання: праблематычна ўладкавацца на працу, пенсіі мізэрныя і не ўлічваюць «дэпутацкі стаж», нехта працуе грузчыкам, нехта — на будоўлі... Ведаю, што некаторым прапаноўвалі напісаць заяву на імя Лукашэнкі — былі б і праца, і пенсія як у былых дэпутатаў «палаткі», на ўзроўні міністра. Але — ніхто не пагадзіўся, ніхто не напісаў. Не была выключэннем і Галіна Сямдзянава, а блізкія да яе людзі заявілі журналістам, што не апошнюю ролю ў пагаршэнні яе здароў’я адыграла цкаванне з боку КДБ...

Такім чынам, у самім спачуванні нельга знайсці палітычны разлік.

Тады што трэба тут шукаць? Чалавечае?

У гады сумеснага дэпутацтва ў ВС Лукашэнка з Сямдзянавай не сябраваў, яна жорстка крытыкавала Лукашэнку і тады, калі ён стаў прэзідэнтам. Ён ніколі не дапамог Сямдзянавай і ў апошнія гады, калі даводзілася жыць на маленькую пенсію, і ў апошнія месяцы, калі Галіна згасала ад невылечнай хваробы. Адкуль увогуле нейкія сантыменты ў чалавека, спецслужбы якога сёння рэанімавалі спосабы катаванняў з арсеналу НКВД?.

Канешне, смерць равеснікаў заўсёды прымушае прыгадаць, што ніхто не вечны, і ты таксама, і з узростам гэтае адчуванне робіцца ўсё больш канкрэтным.

Можа быць, і Лукашэнка падумаў, што калі-небудзь і ён... Не, прэзідэнтам ён будзе заўсёды, а вось хадзіць па зямлі... Тут нейкая

крыўдная супярэчлівасць паміж бестэрміновасцю прэзідэнцтва і недаўгавечнасцю жыцця
, якую хочацца вырашыць у выпадку аднаго канкрэтна ўзятага чалавека, а менавіта — сябе самога. Ці не гэта прымусіла Сталіна ў свой час стварыць інстытут па выпрацоўцы «эліксіру даўгалецця»? Бо калі ты як Бог (а губернатары кажуць, што нават вышэй за Бога) — дык павінен жыць вечна, інакш не бывае... А вось раптам нешта нагадвае, што, аказваецца, бывае.

А можа быць, наведала Лукашэнку настальгія па маладосці, калі фотакарэспандэнт зафіксаваў яго разам з Пазняком і Сямдзянавай у фае ВС, настальгія па тых вясновых днях 90-га, калі хваля народнага ўздыму вынесла дырэктара саўгасу пад тэлекамэры ў Авальную залу?

Калі можна было выйсці да мікрафону і сказаць рэзкія словы ў твар першай асобе рэспублікі, і самому пахаладзець ад уласнай смеласці, бо яшчэ пазаўчора за такія словы пагналі б з працы, але секундны страх змяняецца іншым адчуваннем, і гэта — адчуванне свабоды. І разуменне, што вось цяпер, тут, менавіта ты пашырыў гэтую зону свабоды, хай і нязначна, але пашырыў, і слухала цябе па трансляцыі ўся Беларусь, і людзі на плошчы, да якіх выйшаў пасля паседжання, вітаюць цябе.
А потым, з кампаніяй такіх жа маладых дэпутатаў, ідзеш па праспекце да гатэлю, па правым тратуары. Менавіта па правым, бо па левым — толькі МУС ды КДБ, а па правым, каля кавярні «Вясна»,
крама — і вялізная чарга (зусім не за мінералкай), і гэтая чарга расступаецца, і мужыкі ў імгненні ставяць вас перад прадаўшчыцай (хто памятае даўжыню тых чэргаў — ацэніць ступень ахвяры): «Саступаем дэпутатам! Валянцін, Саша, Сяргей, даціскайце Дземянцея!
А ці можна верыць Кебічу?».

Вось пачуцці, якія ва ўсіх нам спляліся ў адно ў тыя летнія дні 90-га — свабода, рызыка, і яшчэ — вера, што наперадзе нешта добрае, яшчэ лепшае... Можа быць, гэтае адчуванне перспектывы і было самым светлым для ўсіх нас — для Лукашэнкі таксама...

І такіх адчуванняў ужо не зловіш ні гульнёй у хакей, ні на селектарнай нарадзе, дзе можна даціскаць і нават абражаць каго заўгодна, і халуі будуць пакорліва выслухоўваць, апусціўшы галовы (Оксфард для дзяцей і віла на беразе Жэнеўскага возера для ўнукаў падаюцца ім вартымі прыніжэнняў) . Можна прыйсці ў тую ж Авальную залю, і дэпутаты будуць напружана слухаць цябе хоць шэсць гадзінаў, не паварушыўшыся. Трансляцыя — на ўсю краіну. Тэкст выступу — на ўсе палосы «СБ». Можна і Пуціну з Мядзведзевым паслаць плявок — абатруцца, геапалітычныя інтарэсы важней за крыўды.

Усё можна — вось толькі свабоды няма.
Напрыклад, ужо ня пройдзеш па вясновым праспекце, і да чаргі без ахоўнікаў не падыдзеш (спецслужбы метадычна дакладаюць, што пра цябе гавораць у тых чэргах).

І самае горшае:

нельга сказаць, што хочаш. А калі вельмі хочаш — даводзіцца казаць патаемна, каб не пачулі.

Чым не турма?

І наперадзе — магчыма, гады беспадзельнай улады, але — ніякіх светлых перспектыў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?