Аўтарытэтная букмекерская кантора Ladbrokes.com склала спіс прэтэндэнтаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры за 2011 год. У спісе 75 імёнаў; беларусаў тамака няма, а ёсць уся сусветная пісьменніцкая «эліта» і два расейцы — Яўген Еўтушэнка і Віктар Пялевін.

Узначальваюць пералік сірыйскі паэт Адоніс (сапраўднае прозвішча — Алі Ахмад Саід Асбар), шведскі літаратар Томас Транстрэмер і амерыканскі пісьменнік Томас Пінчон.

У мінулым годзе букмекеры лічылі лідарам Транстрэмера — стаўкі на перамогу 79-гадовага літаратара прымаліся з каэфіцыентам 5/1, гэта значыцца ў яго быў адзін шанец з шасці. Аднак шведская акадэмія, якая трымае імёны фіналістаў у сакрэце і называе лаўрэата напачатку кастрычніка, абрала тады перуанца Марыа Варгаса Льёсу — у спісе Ladbrokes.com ён быў толькі 36-м (каэфіцыент — 45/1).

Дык ці можна выйграць грошы праз гэты інтэрнэт-сайт, улічваючы, што

букмекеры прадказвалі правільна імя сусветнага пераможцы па літаратуры толькі тры разы
 — у 2003-м, 2006-м і 2008-м гадах? І якой логікай наагул кіруецца Нобелеўскі камітэт, вызначаючы найлепшага літаратара года?

Ва ўсялякім выпадку, зрабіць стаўку на фаварыта ці аўтсайдэра (апошнім у спісе каторы год з’яўляецца Боб Дылан) вам ніхто не замінае — уладальнікаў Visa і Mastercard тут прымуць з вялікім задавальненнем. Інтрыга і азарт вам абяцаныя, як пры вызначэнні пераможцы ў кіданні дроцікаў ці лідара футбольнага чэмпіяната.

Што тычыцца логікі, то яе ў васямнаццаці акадэмікаў — членаў стакгольмскага камітэта зусім няма. Хоць, зрэшты, тое-сёе можна вызначыць інтуітыўна.

Шведы, якія ўваходзяць у камітэт, — найперш палымяныя сацыялісты. Яны ўважліва глядзяць на абрысы свету, улічваюць сучасныя геапалітычныя абставіны.
Таму можа стацца, што лаўрэатам сёлета будзе вызначаны Харукі Муракамі (Японія) альбо Адоніс (Сірыя) — краіны, з якіх паходзяць гэтыя пісьменнікі, у 2011 годзе напаткалі найвялікшыя катастрофы. Таксама трэба ўлічваць, што з 2001 году перамогу не святкавалі пісьменнікі з занядбанага капіталістамі «далёкага свету» — калі ўвага камітэту будзе скіраваная ў гэты бок, то перамогу будзе святкаваць літаратар з Нігерыі, Алжыра, Філіпінаў (такія ёсць у спісе). Дарэчы, кандыдатура Адоніса — лідара сёлетняга «параду» на Ladbrokes.com — адпавядае двум згаданым мною крытэрам.

Ізноў жа, прэмія можа напаткаць тую краіну, пісьменнікі з якой даўнавата нічога не атрымлівалі. Напрыклад, Расею — там не бачылі Нобелеўскую прэмію па літаратуры амаль чвэрць стагоддзя! Да таго ж Яўген Еўтушэнка адпавядае яшчэ аднаму неагучанаму запытанню стакгольмскага камітэта:

чым старэйшы лаўрэат, тым лепш для прэміі.
А расійскаму паэту цяпер 79 гадоў. Але ж
Адонісу — 81, і беднаватая Сірыя, дзе зараз грамадзянская вайна, ніколі ня бачыла той прэміі!

Такім чынам, Алі Ахмад Саід Асбар альбо іншы сусветны літаратар з адпаведнымі характарыстыкамі сапраўды можа перамагчы ў гэтым годзе —

Нобелеўскі камітэт занадта стары (толькі смерць можа пазбавіць камітэтчыка ягонага месца ў ім)
і кансерватыўны, каб змяняць цяпер правілы гульні на сваім полі. Асабіста я, як літаратурны крытык, аддаў бы прэмію Умберта Эка, а як просты чытач — Харукі Муракамі. Зрэшты, вы самі можаце ўжо сёння прагаласаваць розумам ці сэрцам (і партманэ з грашыма на Ladbrokes.com), як зрабіла мая сяброўка, якая ўпадабала пісьменнікаў Хуана Марсэ (Іспанія) і Дона Дэліла (ЗША) за мілагучнасць іх прозвішчаў.

Літаратура — гэта заўсёды асабісты, нелагічны выбар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?