У Беларусі па даручэнню прэзідэнта распрацоўваецца Дырэктыва нумар 3, прысвечаная пытанням эканоміі і беражлівасці як асновам нацыянальнай бяспекі. Аб гэтым паведаміў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 23 студзеня на нарадзе на ААТ «Нафтан».
«Мы прынялі дзве дырэктывы. Першая ‑ аб дысцыпліне, персанальную адказнасць за яе нясе Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі. За другую дырэктыву, накіраваную на барацьбу з бюракратызмам і фанабэрыяй чыноўнікаў, персанальную адказнасць нясе кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. Трэцяя дырэктыва, якая сёння распрацоўваецца, ‑ аб эканоміі і беражлівасці як асновах нацыянальнай бяспекі. Персанальная адказнасць за яе выкананне будзе ўскладзена на прэм’ер‑міністра краіны», ‑ падкрэсліў беларускі лідэр.
«Дысцыпліна, стараннасць, руплівасць, беражлівасць ‑ тыя пытанні, на якіх мы павінны засяродзіць нашу ўвагу. Мы павінны ў бліжэйшы час выпрацаваць шэраг канкрэтных мер па эканоміі рэсурсаў. Непачаты край работы ‑ шмат балбатні і ніякіх спраў. Часу на разварушванне няма», ‑ заявіў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы даручыў актывізаваць работу па дыверсіфікацыі крыніц пастаўкі энергарэсурсаў.
Асаблівую ўвагу прэзідэнт на нарадзе акцэнтаваў на скарачэнні бюджэтных расходаў, нарошчванні прытоку замежных інвестыцый у краіну, узмацненні ролі прыватнага бізнесу ў эканоміцы Беларусі.