Вялікабрытанія вельмі занепакоеная стаўленнем з экс-кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым і лідэрам міжнароднай моладзевай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія) Змітром Дашкевічам, якія знаходзяцца ў зняволенні. Пра гэта гаворыцца ў заяве, якую зрабіў 28 верасня брытанскі міністр па справах Еўропы Дэвід Лідынгтан.

"Я вельмі занепакоены паведамленнямі пра жорсткае стаўленне ў зняволенні да экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і лідэра "Маладога фронту" Змітра Дашкевіча. Па некаторых звестках, іх жыцці знаходзяцца пад пагрозай", -- адзначыў Лідынгтан.

"Мы заклікаем беларускія ўлады як мага хутчэй даць нам пераканаўчую інфармацыю аб тым, што Саннікаў і Дашкевіч атрымліваюць належную медыцынскую дапамогу і з імі абыходзяцца ў адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Зводам прынцыпаў абароны ўсіх асоб, якія падвяргаюцца затрыманню або заключэнню ў якой б там ні было форме, прынятым рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі ААН у 1988 годзе, а таксама запэўніць нас у тым, што іх жыццям не пагражае небяспека ", - падкрэсліў Лідынгтан.

Вялікабрытанія зноў заклікала беларускія ўлады вызваліць усіх палітвязняў і спыніць іх крымінальны пераслед.

Нагадаем, 28 верасня жонка Саннікава, журналістка Ірына Халіп, і праваабаронца Алена Танкачова правялі ў Мінску прэс-канферэнцыю, на якой распавялі пра прычыны асцярогі за жыццё Саннікава і Дашкевіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?