Пры абмеркаванні праекта выніковай дэкларацыі варшаўскага саміту Усходняга партнёрства, якую плануецца прыняць 30 верасня, прадстаўнікі краін-удзельніц выступілі з рэзкай крытыкай Беларусі.

Як паведаміла БелаПАН крыніца ў дыпламатычных еўрапейскіх колах, прадстаўнікі ЕС прапанавалі ўключыць у дэкларацыю параграф, які крытыкуе сітуацыю з правамі чалавека і наяўнасць палітзняволеных у Беларусі. Аднак прадстаўнікі краін Усходняга партнёрства выступілі супраць. У выніку, паводле слоў крыніцы, гэты параграф быў зняты з праекта дэкларацыі, але затым, пасля кансультацый, ізноў унесены.

У сваю чаргу лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька, які знаходзіцца ў Варшаве, паведаміў БелаПАН, што сітуацыя пры абмеркаванні выніковага дакумента была «сур’ёзнай і трывожнай».

«У ЕС ёсць недаацэнка магчымасцяў беларускай дыпламатыі, якая бездапаможная ў Еўропе, але ў краінах СНД у яе ёсць патэнцыял», — сказаў палітык. «Беларусь паспяхова адпрацавала і стварыла фронт супраць прыёму гэтага параграфа ў дэкларацыі. Але цяпер у нас ёсць інфармацыя аб тым, што гэты параграф вярнулі ў яго першапачатковым выглядзе — гэта значыць там крытыкуецца сітуацыя з правамі чалавека, адсутнасць свабодных выбараў і наяўнасць палітзняволеных у Беларусі», — паведаміў лідар АГП са спасылкай на свае крыніцы.

Паводле інфармацыі Лябедзькі, найбольшую актыўнасць у тым, каб гэтага параграфа ў дэкларацыі не было, дэманстравалі падчас дыскусіі Грузія і Украіна.

Палітык таксама паведаміў, што краіны ЕС і Усходняга партнёрства дасягнулі кампрамісу ў тым, каб у параграфе па Беларусі было прапісана: ён абмяркоўваўся і быў прыняты без удзелу беларускай дэлегацыі.

Паводле слоў лідара АГП, сёння ў Варшаве дэлегацыя беларускай апазіцыі і сваякоў ахвяр рэпрэсій сустрэлася з міністрам замежных спраў Польшчы Радославам Сікорскім і камісарам Савета Еўропы па правах чалавека Томасам Хамарбергам.

Сікорскі запэўніў прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, што ЕС будзе цвёрда стаяць на выкананні афіцыйным Мінскам галоўнай умовы дыялогу — вызваленне і рэабілітацыя палітзняволеных.

У сваю чаргу Хамарберг паведаміў, што ў сярэдзіне кастрычніка плануецца правесці агульнаеўрапейскую канферэнцыю па правах чалавека, на якой будзе абмяркоўвацца ў тым ліку і сітуацыя ў Беларусі.

Сёння таксама запланавана сустрэча беларускай дэлегацыі з прэзідэнтам Савета Еўрасаюза Херманам Ван Рампеем, прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам, канцлерам Германіі Ангелай Меркель і еўракамісарам па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі суседства Штэфанам Фюле.

Саміт Усходняга партнёрства праходзіць у Варшаве 29–30 верасня. Чатыры краіны, якія ўваходзяць у праграму ЕС «Усходняе партнёрства», прадстаўленыя на ім на ўзроўні прэзідэнтаў — гэта Арменія, Азербайджан, Грузія і Украіна. Малдову ў Варшаве прадставіць прэм’ер-міністр Уладзімір Філат.

Ад Беларусі на саміт запрашаўся міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў, аднак 28 верасня МЗС Беларусі паведаміла, што дэлегацыю на саміце ўзначаліць пасол у Польшчы Віктар Гайсёнак.

27 верасня прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Мая Качыянчыч паведаміла, што пасланне, якое прадстаўнікі ЕС перададуць на саміце прадстаўнікам Беларусі, можа складацца з дзвюх частак.

«З аднаго боку, гэта будзе ясны заклік у адпаведнасці з тым, што мы заяўлялі раней. З іншага боку, мы скажам: вось дзе мы можам працаваць з вамі, калі вы вырашыце паважаць прынцыпы ЕС і асноўныя правілы, што тычацца нашага супрацоўніцтва», — сказала Качыянчыч.

Яна нагадала, што ЕС неаднаразова заклікаў Беларусь не толькі да вызвалення, але і да рэабілітацыі ўсіх палітзняволеных. «І хоць мы ўбачылі некаторыя захады ў гэтым кірунку, гэта ўсё яшчэ не тое, да чаго мы заклікалі і чаго дамагаліся. Гэты заклік па-ранейшаму мае вялікую сілу», — падкрэсліла прэс-сакратар.

Яна звярнула ўвагу на тое, што з шасці краін Усходняга партнёрства Беларусь найменш уцягнутая ў гэту праграму і мае найменшую колькасць пераваг ад удзелу ў ёй.

Разам з тым, дадала Качыянчыч, згодна з еўрапейскай палітыкай суседства, краіны, у якіх назіраецца прагрэс, атрымліваюць значна больш фінансавай падтрымкі ад Еўрасаюза. Таму ўсходнім суседзям ЕС «трэба сур’ёзна ставіцца да рэформ, стрымліваць абяцанні і выконваць іх на практыцы», лічыць прэс-сакратар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?