Супрацоўніцтва Беларусі і Ірана ў ваеннай сферы не супярэчыць міжнароднаму праву і рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН нумар 1737. Аб гэтым заявілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі Міністэрства абароны, каменціруючы нядаўні візіт кіраўніка беларускага ваеннага ведамства Леаніда Мальцава ў Іран. «Развіццё двухбаковых кантактаў з Іранам у ваеннай сферы ажыццяўляецца беларускім бокам на падставе нацыянальных інтарэсаў у строгай адпаведнасці з дзеючымі нормамі міжнароднага права, у тым ліку ў рамках палажэнняў рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН ад 23 снежня 2006 года нумар 1737 (2006)», ‑ падкрэслілі ў Мінабароны.

Як паведамлялася раней, міністр абароны генерал‑палкоўнік Леанід Мальцаў наведаў Іран з 21 па 22 студзеня. Ён сустрэўся з прэзідэнтам Ірана Махмудам Ахмадзінежадам, а таксама правёў перагаворы з міністрам абароны і падтрымкі Узброеных Сіл Ірана брыгадным генералам Мастафой Махамад Наджарам. «На сустрэчах былі абмеркаваны актуальныя пытанні міжнароднай бяспекі і перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва. Міністры абароны Беларусі і Ірана таксама абмяняліся вопытам будаўніцтва нацыянальных узброеных сіл», ‑ паведамляецца ў прэс‑рэлізе ўпраўлення інфармацыі Міністэрства абароны. Даведка БЕЛТА. У адпаведнасці з рэзалюцыяй Савета Бяспекі ААН ад 23 снежня 2006 года нумар 1737 (2006) усім краінам ‑ членам ААН забаронена пастаўляць, прадаваць або транспартаваць любыя прадметы, матэрыялы, абсталяванне, тавары і тэхналогіі, якія могуць садзейнічаць развіццю ядзернай і балістычнай праграмы Ірана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?