Дональд Туск, Ангела Мепркель, Херман ван Рампей, фота gazeta.pl

Дональд Туск, Ангела Мепркель, Херман ван Рампей, фота gazeta.pl

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск на прэс-канферэнцыі ў Варшаве заявіў, што на саміце быў прыняты «пакет прапановаў» для Беларусі.

У выпадку выканання гэтых прапановаў Беларусь можа разлічваць на дапамогу ў памеры 9 мільярдаў даляраў. Гэта найперш гранты і крэдыты ад сусветных банкаў — МВФ, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця.

У пакет прапановаў уваходзіць вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў, перамовы ўлады з апазіцыяй, вольныя парламенцкія выбары. Патрабавання адстаўкі Лукашэнкі сярод патрабаванняў няма.

«Упершыню сітуацыя, калі Еўрасаюз салідарна і рашуча ставіць умову рэальных, не радыкальных, зменаў у Беарусі. Гэта мінімум патрабаванняў, каб размова вялася», — кажа Дональд Туск. На ягоную думку, Беларусь можа выйсці з «драматычнай сітуацыі» толькі пры вонкавай дапамозе, аднак, каб гэтая дапамога была патрэбная мінімальнае выкананне правоў чалавека.

Туск адзначыў, што гэтыя грошы могуць дапамагчы Беларусі выйсці з складанай эканамічнай сітуацыі, умацаваць курс нацыянальнай валюты.

«Еўропа даслала Мінску вельмі моцны сігнал», — сказаў старшыня Еўрасаюза Херман ван Рампэй. Па яго словах, Еўрасаюз зацікаўлены ў дэмакратычнай Беларусі.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч крытычна адгукнуўся наконт гэтай прапановы: «Гэта гандаль з тэрарыстам», —
заявіў ён. Ён мяркуе, што гэта нічога не зменіць у даўжэйшай перспектыве. Рэзка крытычна паставілася да прапановы і інтэрнэт-выданне«Хартыя-97», блізкае да Андрэя Саннікава.
«Туск прапануе мадэрнізаваць беларускую дыктатуру» — так загаловак даў паведамленню сайт Charter97.org.
    • Нагадаем, што сёння Беларусь афіцыйна адмовілася ад удзелу ў саміце Усходняга партнёрства.

    «Напярэдадні саміта Усходняга партнёрства яго арганізатары пайшлі на беспрэцэдэнтныя дыскрымінацыйныя меры ў адносінах да Беларусі. Яны адмовіліся накіраваць запрашэнне кіраўніку беларускай дзяржавы, — гаворыцца ў заяве МЗС. — Следам за гэтым прызначаны Беларуссю кіраўнік яе дэлегацыі быў абмежаваны ва ўдзеле ў мерапрыемствах саміта».

    МЗС расцэньвае гэтыя дзеянні як «найбольш грубае парушэнне базавых прынцыпаў Усходняга партнёрства, узгодненых на першым саміце ў Празе ў 2009 годзе». У заяве падкрэсліваецца: «Рашэнні саміта, якія закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь і прынятыя без прамой згоды нашай краіны, будуць нелегітымныя. Без удзелу Беларусі значнасць партнёрства сур’ёзна страчваецца».

    * * *

    Стаўленне Еўропы да Аляксандра Лукашэнкі будзе такім жа, як яго стаўленне да беларускай апазіцыі. Пра гэта заявіў у чацвер на прэс-канферэнцыі ў Варшаве міністр замежных спраў Польшчы, якая старшынствуе ў Еўрасаюзе, Радаслаў Сікорскі пасля сустрэчы з дэлегацыяй беларускай апазіцыі.

    Кіраўнік польскага замежнапалітычнага ведамства звярнуўся з пасланнем да Аляксандра Лукашэнкі.

    «Маё пасланне да прэзідэнта Лукашэнкі наступнае: вашы адносіны з Еўропай будуць такімі ж, якімі будуць вашы адносіны з людзьмі. Пакуль людзі ў Беларусі будуць падвяргацца рэпрэсіям, паглыбленыя адносіны з Еўрасаюзам, а тым больш эканамічная дапамога, не будуць магчымыя», — заявіў Сікорскі.

    У той жа час, паводле слоў міністра, Польшча гатова стаць першай «у лабіраванні самага шчодрага магчымага пакета дапамогі для Беларусі, калі яе ўлада навучыцца паважаць правы сваіх грамадзян».

    Сікорскі таксама паведаміў, што Польшча перадае 1 мільён еўра ў мэтавы Фонд Усходняга партнёрства для аказання падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі.

    Перад Лукашэнкам стаіць выбар: «ісці па шляху дэмакратыі ці па шляху тых дыктатараў, якія страцілі ўладу ў розных краінах у апошнія месяцы», заявіў кіраўнік польскага МЗС.

    Нагадаем, 29–30 верасня ў Варшаве праходзіць саміт Усходняга партнёрства. Сёння

    Радаслаў Сікорскі і камісар Савета Еўропы па правах чалавека Томас Хамарберг сустрэліся з членамі беларускай апазіцыйнай дэлегацыі, у склад якой уваходзяць Уладзімір Някляеў, Анатоль Лябедзька, Юрый Губарэвіч, Сяргей Калякін, Віталь Рымашэўскі і іншыя палітыкі, а таксама сваякі палітзняволеных — сястра экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірына Багданава і грамадзянская жонка яшчэ аднаго былога кандыдата, Мікалая Статкевіча, Марына Адамовіч.

    Яны сустрэліся таксама з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Меркель.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?