На пару дзён наведаўся на малую радзіму — Карэліччыну. Паразмаўляў з роднымі, землякамі. Даведаўся, што яны думаюць пра набалелае.

Прасцей за ўсё ў цяперашняй вёсцы жывецца пітушчым. На 10 тысяч можна выпіць — і забыўся да вечара. Калі ж чалавек не п’е, яму трэба думаць, як пры заробку ў 600 тысяч кожны дзень купіць паесці, у што апрануць дзяцей.

«Захацела набыць кавалачак сала, то ў цэлай вёсцы не знайшла!» — кажа жанчына, якая працуе ў школе. Бачыць пустыя паліцы ў вёсцы — дзіка. І яны пустыя не таму, што хтосьці паддаўся паніцы і расхапаў. А таму, што тое малако і мяса ў вёску пачалі вазіць з перабоямі. Між тым цэнавая палітыка дзяржавы была скіравана на тое, каб вяскоўцы пазводзілі кароў, перасталі гадаваць свіней. Цяпер многія задумваюцца, каб вярнуцца да ранейшага ладу. Хоць і без асаблівага захаплення ад такой неабходнасці.

Землякі ахвотна абмяркоўваюць «гуманітарныя» 500 тысяч. Кожны хоча атрымаць хутчэй, бо ведае, што праз месяц тая дапамога можа «схуднець». Людзі па¬свойму тлумачаць, чаму ў абменніках услед за з’яўленнем валюты зніклі нашы рублі. «Людзі да апошняга трымалі мазалём заробленыя даляры, не здавалі іх па дурным курсе. А цяпер, калі ўшчэнт пад’елі запасы, кінуліся здаваць».

Тэракт у метро мала хвалюе вяскоўцаў. Мінск і ягоныя праблемы для большасці вяскоўцаў чужыя і далёкія, як іншае вымярэнне. Цікавасць да трагедыі трывала ў першыя дні, трохі ажывілася ў пачатку суда. Да асобаў абвінавачаных людзі ставяцца з падазрэннем. «Ну не маглі простыя рабацягі без чыёйсьці дапамогі такое зрабіць!»

Загаворваю са старэйшым братам пра гандаль палітвязнямі. Пра тое, што Статкевіча і Севярынца на «таргі» выставілі ўжо другі раз. Брат паціскае плячыма: у нас і пра першы раз ніхто не чуў. Вёска даведваецца пра апазіцыю раз на пяць год, у часе прэзідэнцкіх выбараў, калі альтэрнатыўныя кандыдаты «трапляюць у тэлевізар».

Але і да ўладаў асаблівай прыязнасці не адчуваецца. Праўда, найперш да мясцовых. «Бесталковыя і лянівыя начальнікі кідаюць цень на ўсю ўладу — да самага верху», — кажа вясковы прадпрымальнік. Для яго галоўнае, каб яму не заміналі працаваць.

…У вясковай краме дзядуля жахаецца цэнам. Купіў па звычцы паўкілі цукерак унукам, сабе віна, а плаціць трэба ажно 30 тысяч. «Раней за гэты набор даваў 10 тысяч», — кажа дзед. І раптам мяняецца з твару: «Нічога, бульбу выкапалі -неяк пражывём! А вось як вам, маладым?» Прадавачка ўдае крыўду: «А мы што, не людзі? Таксама бульбы накапалі!»

Беларускі запас трываласці аднолькава бясконцы паўсюль — і ў Карэлічах, і ў Заслаўі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?