Жыхар горада Віктар Мязяк быў затрыманы ў Баранавічах, каля пад’езда дома на Паркавай, раніцай 30 верасня, калі клеіў на дошку абвестак улётку пра «Народны сход».

«Я клеіў улётку ў прызначаным для гэтага месцы, — расказаў „ІР“ Віктар Мязяк. — А калі павярнуўся, то ўбачыў чалавека ў цывільным, які назваўся міліцыянерам ды паказаў мне пасведчанне. Ён сказаў, што я затрыманы, але не патлумачыў за што». Праз нейкі час прыехала міліцэйская машына і адвезла Мязяка ў пастарунак.

Пасля 15.00 Віктара Мязяка адпусцiлi, склаўшы на яго пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па артыкуле 23.34 КААП «Парушэнне парадку арганізацыі правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання».

За дзень да гэтага міліцыя забрала з працы Віктара Цяпіна, які, па сведчанні вахцёраў і намесніка дырэктара па ідэалогіі, нібыта 23 і 27 верасня распаўсюджваў на прахадной улёткі пра «Народны сход». У пастарунку на яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па артыкуле 23.34 КААП «Парушэнне парадку арганізацыі правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання». Суд над Цяпіным прызначаны на 6 кастрычніка за два дні да прызначанай даты «Народнага сходу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?