Лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Уладзіміра Някляева выклікаюць у крымінальна-выканаўчую інспекцыю Ленінскага РУУС Мінска: ён павінен з’явіцца туды 3 кастрычніка, паведаміў палітык.

Верагодна,

Някляеву прыйдзецца даваць тлумачэнні ў сувязі са сваёй паездкай 29–30 верасня ў Варшаву на саміт Усходняга партнёрства.
Справа ў тым, што рашэннем суда палітыку забаронена выязджаць за мяжу.

Някляеў паведаміў, што за час яго адсутнасці да яго дадому штодня прыходзілі супрацоўнікі міліцыі, якія бралі тлумачальныя ў яго жонкі і суседзяў.

Палітык не выключае,

што да яго могуць быць прыменены новыя абмежавальныя меры, аднак падкрэслівае, што гэта пытанне будзе вырашацца не на ўзроўні крымінальна-выканаўчай інспекцыі, а значна вышэй.

Нагадаем, 20 мая суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў Уладзіміра Някляева вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прыгавору на два гады. Някляеў павінен рэгулярна адзначацца ў міліцыі, вяртацца дадому не пазней за 22.00, інфармаваць міліцыю пра свае паездкі.

9 верасня суд Ленінскага раёна Мінска наклаў на асуджанага палітыка дадатковыя абмежаванні пры адбыцці пакарання. Някляеву, у прыватнасці, забаронена выступаць арганізатарам або ўдзельнікам масавых шэсцяў, дэманстрацый, пікетаў і іншых масавых мерапрыемстваў; ён не можа выязджаць за межы Мінска без пісьмовага дазволу праваахоўных органаў і пакідаць межы Беларусі да заканчэння тэрміну пакарання. Палітыку таксама прадпісана рэгістравацца ў праваахоўных органах па месцы жыхарства раз у тыдзень і знаходзіцца дома штодня з 20.00 да 6.00.

Някляеў не лічыць сябе абавязаным выконваць гэтыя патрабаванні, бо перакананы ў незаконнасці вынесенага яму прыгавору. «Мой доўг як грамадзяніна і палітыка — дамагацца таго, каб голас Беларусі, голас беларускага народа быў пачуты на саміце Усходняга партнёрства. З гэтай трыбуны мы, беларусы, звяртаемся да нашых братоў-еўрапейцаў. Калі дзейная ўлада не захацела скарыстацца дадзеным нам Еўропай шансам, то не трэба лічыць, што ўлада — гэта і ёсць увесь народ Беларусі», — заявіў Някляеў прэс-службе кампаніі «Гавары праўду!» з нагоды свайго ўдзелу ў саміце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?